Сьпілавалі 220 дрэваў?..
Згодна з дакумэнтам, які патрапіў у рукі карыстальнікаў віцебскага форуму ditenok.com, “у падрыхтоўчы пэрыяд праектам прадугледжваецца высечка 220 дрэваў, 1660 м. кв. хмызьняку і перасадка 242 дрэваў”.
“Таксама неабходна выканаць кампэнсацыйныя пасадкі ў аб’ёме 291 дрэва”, – гаворыцца ў дакумэнце. Меркаваны пачатак будаўніцтва – верасень 2018 году.
Пустка на месцы зялёнай зоны. Цяпер тут будзе АЗС
Праектаваная АЗС па вуліцы 33-й Арміі ў Віцебску будзе ўваходзіць у склад рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт”.
Акт выбару месца пляцоўкі для будаўніцтва быў зацьверджаны старшынём Віцебскага гарвыканкаму 28 верасьня 2017 году. Архітэктурна-планіровачнае заданьне зацьвердзіў галоўны архітэктар Віцебску, яно ўзгодненае з начальнікам аддзелу архітэктуры і горадабудаўніцтва камітэту па архітэктуры і будаўніцтву Віцебскага аблвыканкаму. З жыхарамі і навасёламі мікрараёну Білева-3 ніхто ня раіўся. Грамадзкае абмеркаваньне праекту не праводзілася.
Новая аўтазапраўка ў Білеве паўстане на вуліцы 33-й Арміі насупраць нядаўна пабудаваных дамоў №№ 17 і 21.
Ці лес быў асуджаны?..
Жыхары Білева выказвалі ў камэнтарах абурэньне, бо шмат хто купляў кватэры ў гэтых дамах з разьлікам на блізкасьць лесу і зялёнай зоны, але, як апынаецца, будуць жыць зь відам на аўтазапраўку.
Дом па 33-й Арміі, 21
“Я жыву ў доме №21, і я катэгарычна супраць! Усё, што магло прывабіць навасёлаў у дадзены мікрараён, зьнішчаецца пад корань. У горадзе і так бракуе зялёных зонаў, дык яшчэ і на ўскраіне зеляніны ня будзе, а толькі пусткі ды сьметнікі?..” – задаваўся пытаньнем наш чытач Іван.
Іншыя выказвалі меркаваньне, што лес пад Білевам усё адно быў асуджаны на высечку і праліваць на гэты конт сьлёзы – марная справа… Як бы там ні было, незадаволенасьць жыхароў не пайшла далей гнеўных камэнтароў у інтэрнэце.
Зьміцер Міраш, фота аўтара