Выкладчыкі ПДУ звальняюцца на знак салідарнасці са сваімі асуджанымі калегамі
23 траўня ў ПДУ прайшла хваля затрыманняў, пад якую трапіла каля паўтара дзясятка супрацоўнікаў. Ім былі прасуджаны арышты і штрафы «палітычных» адміністрацыйных артыкулах: арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, пад якім сілавікі цяпер разумеюць размяшчэнне фотаздымкаў у інтэрнэце) і 19.11 КаАП (распаўсюд так званых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў). Пасля адбыцця арыштаў выкладчыкі сутыкнуліся з тым, што іх або звольнілі заднім чыслом, як выкладчыка фізкультуры Сяргея Рыкуна, або прапанавалі звольніцца з уласнае ініцыятывы -- «па дамове бакоў».
Яшчэ не падрыхтаваліся да «Дажынак-2023», а ўжо плануюць падрыхтоўку наступных
Жыхарам Бешанковічаў, дзе ў 2024г. запланава правядзенне абласных «Дажынак», варта запомніць амбітныя абяцанні мясцовых уладаў. Бо, як паказвае практыка, чым бліжэй святкаванне, тым меней грошай застаецца на выкананне абяцанага. Раённая газета «Зара» абяцае, што да свята хлебаробаў у Бешанковічах будзе пабудаваны басейн, зробяць капітальныя рамонты ў 13-ці шматкватэрных дамах і бягучыя – яшчэ ў 20-ці дамах. Праўда, да добраўпарадкавання пад’ездаў і прыдамавых тэрыторый плануюць прыцягваць жыхароў і іх уласныя фінансавыя сродкі.
Ноў-хаў ад віцебскага тэлеграм-каналу, блізкага да сілавікоў: «пакаянныя» відэа з анімаванымі персанажамі
У тэлеграм-канале «Северная столица (Vitebsk news)” з“явілася «пакаяннае» відэа вельмі дзіўнага фармату: замест твараў затрыманых, якія распавядаюць пра тое, як яны парушылі заканадаўства, глядач бачыць анімаваныя выявы. Не выключана, што яны маюць знешняе падабенства з рэальнымі людзямі. Але раней лічылася, што менавіта ў тым і заключаецца карысць ад «пакаянных» відэа: каб чалавека пазнавалі родныя, блізкія і калегі, і яму было сорамна за свае ўчынкі. Калі ж чалавечымі галасамі размаўляюць анімаваныя персанажы, гэта выглядае як блюзнерства і здзекі.
Дзяржкантроль выявіў праблемы з кадравым забеспячэннем
Камітэт дзяржкантролю праверыў, наколькі адпаведна вядзецца праца з кадрамі ва ўстановах вобласці. У сямі раёнах праблемы з кадрамі відавочныя: ёсць шмат незапоўненых вакансій, тады як мелі месца факты звальнення запатрабаваных спецыялістаў. Сярод «лідараў» па праблемах з кадравым забеспячэннем – Сенненскі і Шумілінскі раёны і г. Наваполацк.
Віцебская міліцыя вырашыла, што мусіць мець свой персанаж-талісман. І абвясціла конкурс
У конкурсе ўзялі ўдзел 50 работ, выкананых у розных тэхніках. Абавязковай умова было, каб пры малюнку была тлумачальная запіска наконт задумкі аўтара. Пераможцам конкурсу стаў 11-гадовы віцебскі школьнік Кірыл Нікалаеў, які даслаў некалькі сваіх мастацкіх твораў, і адзін з іх прызнаны найлепшым.