Асноўныя пытанні, якія там разглядаліся, – вырашэнне актуальных праблем насельніцтва, тлумачэнне ім так званай палітыкі беларускай дзяржавы, а па сутнасці рэжыму Лукашэнкі, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, аказанне дапамогі ўразлівым катэгорыям грамадзян, удзел у грамадска-палітычных мерапрыемствах, прапаганда духоўных і маральных каштоўнасцяў народа. Нават тут мараль і прыстойнасць улады звязалі з прапагандай. Вядома, яна ці ёсць у чалавека, ці яе няма, але з прапагандай гэта наўрад ці звязана, хутчэй за ўсё з выхаваннем і сямейнымі каштоўнасцямі.
На пасяджэнні ў Мёрах галоўны ідэолаг раёна – начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аксана Ашурка адзначыла, што сярод 15 раённых і 141 пярвічнай арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў, а таксама пяці арганізацыйных структур палітычных партый самая масавая – раённае аб’яднанне прафсаюзаў, у шэрагах якога 6 264 чалавекі. Найбольшая пярвічка ў ТАА “Металапракатная кампанія”, дзе колькасць сябраў складае звыш 700 чалавек.
Паводле чыноўніцы, прафсаюзы пастаянна вырашаюць пытанні аховы працы. Дзейнічаюць па многіх накірунках, сярод іх арганізацыя і падтрымка спартыўна-масавай работы, аздараўленне, наладжванне адпачынку праз прафсаюзныя здраўніцы.
Аксана Ашурка зазначыла, што ў раёне існуе так званая Дошка гонару дзеля павышэння статусу, прэстыжу рабочых прафесій, прапаганды перадавога вопыту і працоўных дасягненняў.
Таксама яна адзначыла асаблівую ролю ў грамадзянскім станаўленні, ідэалагічным і патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі раённых арганізацыяў БРПА і БРСМ. Паводле чыноўніцы, у мінулым навучальным годзе на Мёршчыне дзейнічалі дзесяць дружын, якія аб’ядноўвалі 1 133 вучні. Формы работы, якія выкарыстоўвае БРСМ з моладдзю, – гэта адкрытыя дыялогі, фотавыставы, конкурсы, зборы атрадаў, мерапрыемствы, прымеркаваныя да дзяржаўных святаў. У грамадска-карысную дзейнасць дзяцей уключаюць ужо з акцябрацкага ўзросту. Развіваюць і так званы цімураўскі рух.
Паводле справаздачы чыноўніцы, БРСМ на Мёршчыне пануе паўсюль. Гэтая праўладная не добраахвотная моладзевая арганізацыя ахоплівае розныя накірункі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі: занятасць, адукацыя, навука, патрыятычнае выхаванне, здаровы лад жыцця, турызм.
У Мёрскім раёне існуе і ветэранская арганізацыя, якая ўключае 40 пярвічак. Паводле ўладаў, яна адыгрывае важную ролю ў духоўна-маральным выхаванні моладзі.
А вось мэтай раённай арганізацыі «Белая Русь», якая ўжо ў Беларусі стала партыяй, яны называюць развіццё сацыяльнай актыўнасці, ініцыятывы грамадзян, кансалідацыю грамадства, удзел у рэалізацыі сацыяльных праектаў і дзяржаўных праграм, падтрымку моладзі.
Паводле мёрскіх уладаў, увасабленне ў жыццё ідэй міласэрнасці і гуманізму мае на мэце раённая арганізацыя ГА “Беларускі фонд міру”. І як яркі прыклад яе дзейнасці прыводзіць згуртаванне насельніцтва, арганізацый і прадпрыемстваў на збор сродкаў для стварэння дэкаратыўнай скульптуры “Дзеці міру – дзецям вайны” і памятнага знака ў гонар воінаў-вызваліцеляў Мёраў. Адсюль выснова, што галоўная мэта для фонду міра ў Беларусі - гэта збіранне грошай у беларусаў на помнікі і памятныя знакі. Вось дык дзейнасць.
Аказанне сацыяльнай дапамогі адзінокім, малазабяспечаным, адзінокім пажылым людзям і інвалідам, асветніцкая работа па прафілактыцы гандлю людзьмі, прапаганда здаровага ладу жыцця – такім чынам на Мёршчыне акрэсліваюць асноўныя накірункі дзейнасці раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа.
Раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын праводзіць работу па захаванні сямейных каштоўнасцей. Заўважым, на Мёршчыне ў мінулым годзе быў зарэгістраваны 391 развод на 1000 шлюбаў. Усяго ў Віцебскай вобласці было зарэгістравана 6 353 шлюбы і 4 102 разводы.
А што галоўнае для мёрскіх уладаў, гэта тое, што прадстаўнікі ўсіх пералічаных грамадскіх арганізацый прымаюць удзел у так званых выбарчых кампаніях. Напрыклад, падчас правядзення рэспубліканскага рэферэндуму ў складзе камісій іх было 133, столькі ж былі акрэдытаваныя і назіральнікамі. Як бачым, усе праўладныя людзі былі акрэдытаваныя, у адрозненне ад незалежных назіральнікаў.
Напрыканцы пасяджэння, чыноўнікі заявілі, што нягледзячы на ўсе іх дасягненні, тым не менш неабходна актывізавацца. На пасяджэнні дадзена даручэнне Дзісненскаму гарадскому і сельскім выканаўчым камітэтам, кіраўніцтву арганізацый раёна больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял грамадскіх аб’яднанняў у інфармацыйна-тлумачальнай, прафілактычнай рабоце з насельніцтвам, вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння і правядзенні грамадска-палітычных мерапрыемстваў.
Генадзь Сухі