Дырэктар раённай аргструктуры Іван Атрошка пачаў даклад з лічбаў. Прыбыткі ад дзейнасці за 2022 год склалі звыш 254 тысяч рублёў, у тым ліку каля 115 тысяч ад замежных тураў. Як заўважыў Атрошка, паказчыкі меншыя за леташнія, але ў яго ёсць нагода для гонару.
А гэта тое, што паляванне ў Мёрскім райне наведала 60 расейцаў і яны забілі дзевяць ласёў, сем аленяў, 68 казуль, 35 баброў і 226 гусакоў.
Беларускія паляўнічыя на Мёршчыне ў сваю чаргу забілі 90 ласёў, пяць аленяў, 106 казуль, 68 дзікоў, 91 бабра, 94 лісаў, 22 янотаў і дзевяць ваўкоў.
Паводле Івана Атрошкі, ёсць і нерацыянальныя страты: загінулі пяць ласёў і 17 казуль, яшчэ два ласі пацярпелі ад браканьераў.
Дзякуючы сродкам, атрыманым ад арганізаваных тураў, на Мёршчыне падвялі электраацяпленне ў Дом паляўнічага, на што выдаткавалі 5 тысяч рублёў. Таксама змантавалі камеру для ператрымкі і ахалоджвання дзічыны ў летні перыяд.
Аказваецца, на Мёршчыне ёсць і жанчыны-паляўнічыя. Дырэктар раённай структуры “Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў” пахваліўся тым, што яны ў абласных спаборніцтвах занялі другое месца, а юніёры – першае.
Сярод першачарговых задач для сябе паляўнічыя і рыбаловы вылучылі прыняцце мер па ліквідацыі і недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней і іншых небяспечных хвароб, а таксама супрацьдзеянне браканьерству.
Але галоўнае пытанне, якім цікавіліся паляўнічыя, стала эканамічнае: ці чакаць павышэння цэн на здабычу лася. У адказ пачулі, што пакуль кошт застанецца ранейшым. Ліміты на здабычу жывёл складуць: 117 ласёў, 25 аленяў, 100 баброў, 158 казуль.
На Мёршчыне вяскоўцаў непакоіць тое, што развялося шмат ваўкоў, сустракаюцца і мядзведзі. На сходзе паляўнічых вырашылі, што рэгуляваннем колькасці іх папуляцый належыць заняцца. Таксама ў планах мёрскага таварыства паляўнічых і рыбаловаў узводзіць паляўнічыя вышкі, нарыхтоўваць кармы для жывёлы.
Сямён Лынькоў