Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі райвыканкама Наталлі Спірыдонавай, у раёне наладжана сістэмная прафарыентацыйная дзейнасць, якая быццам матывуе маладых людзей заставацца на малой радзіме. У такі комплекс уключаны штогадовыя прафтыдні, урокі, экскурсіі, тэматычныя сустрэчы са спецыялістамі розных прафесій, у тым ліку аграрнага профілю, працоўныя акцыі, створаны пункт прафарыентацыйнага кансультавання "Будучыня адукацыя".
У полі асаблівай увагі - студэнцкія атрады, якія вырашаюць не толькі матэрыяльнае пытанне, але і павышаюць сацыяльную актыўнасць моладзі, выхоўваюць паважлівыя адносіны да працы. Сёлета іх было сфармавана аж чатыры.
Але нягледзячы на ўсё гэта, адток моладзі з Браслаўшчыны ўсё ж назіраецца, піша мясцовая раёнка. Так, у мінулым годзе ў раён прыбыў 81 малады чалавек, з іх па стане на 1 жніўня бягучага года прадаўжаюць працаваць толькі 48 чалавек.
Станоўчым вынікам па замацаванні маладых работнікаў у раёне могуць пахваліцца толькі СВК "Маяк Браслаўскі", установы аховы здароўя, сфера адукацыі, нацыянальны парк.
Між тым, паводле браслаўскіх чыноўнікаў, у арганізацыях раёна распрацаваны "сацыяльны пакет", які ўключае гарантыі і льготы на першым працоўным месцы. А самыя ініцыятыўныя юнакі і дзяўчаты ўключаюцца ў перспектыўны кадравы рэзерв прадпрыемстваў, арганізацый і райвыканкама. Але, як бачна, і гэта таксама не працуе.
Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па пытанні працаўладкавання за першае паўгоддзе звярнулася 29 маладых людзей, а змаглі працаўладкаваць, напрыклад, толькі 17. Ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў часовай занятасцю быў ахоплены 91 чалавек.
Улады хваляцца, што шэрагі ГА БРСМ Браслаўшчыны сёння ўключаюць 892 члены, але гэта крыху больш за 25% ад агульнай колькасці мясцовай моладзі.
Падводзячы вынік свайго выступлення, Наталля Спірыдонава адзначыла, што сёння неад'емнай часткай работы з моладдзю павінна стаць сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на вырашэнне праблем, звязаных з адаптацыяй маладых людзей на працоўных месцах, аховай здароўя, вольным часам, культурай, спортам, а таксама садзейнічанне развіццю моладзевых ініцыятыў, прасоўванне талентаў. Усё гэта ёсць, аднак зацікаўленым, паводле чыноўніцы, трэба быць яшчэ больш мабільнымі, дынамічнымі, быць з моладдзю на адной хвалі.
Па стане на 1 студзеня 2023 года, па звестках уладаў, у Браслаўскім раёне жыве каля 4 тысяч маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, што складае больш за 17% насельніцтва раёна. Гарадская моладзь складае 49%, сельская - 51%.
Зоя Лапікава