Паводле жанчыны, гэтая крама была практычна адзіным гандлёвым аб’ектам, дзе можна было набыць розныя прадукты харчавання. Паслугамі гэтай крамы карысталіся не толькі жыхары вуліцы Савецкай, але і прылеглых да яе вуліц. У гэтую краму “Родны кут” прыязджалі нават жыхары размешчаных паблізу вёсак. Нярэдка заязджалі туды і госці горада, нават замежнікі, якія наведвалі Паставы.
Краму ўлады закрылі 1 чэрвеня, і гэта стала для многіх пастаўчан праблемай. Жахарам мікрараёна стала цяжэй набываць прадукты, бо ў бліжэйшых крамах “Пасаднік”, “Хіт” і “Капеечка”, якія знаходзяцца на скрыжаванні вуліц Кляра і Гагарына, асартымент прадуктаў меншы за той, што быў у “Родным куце”. Да таго ж, паводле Ірыны Нецвятай, дабрацца ў тую ж “Капеечку” можа не кожны жыхар Савецкай, паколькі там жыве шмат пажылых людзей, а асабісты транспарт ёсць далёка не ва ўсіх.
У Пастаўскім філіяле Віцебскага аблспажыўтаварыства, якому належала крама “Родны кут”, паведамілі, што прычынай закрыцця крамы стала яе нерэнтабельнасць. У сувязі з гэтым яны былі вымушаныя ў траўні правесці аўкцыён на права заключэння дагавора арэнды нерухомай маёмасці, размешчанай па адрасе г. Паставы, вуліца Савецкая, 77, а менавіта - крамы “Універсам №24 “Родны кут”. Таргі выйграла ЗАТ “Дабраном”. І ўжо 31 траўня кіраўніцтва філіяла падпісала з ім акт прыёму-перадачы капітальнага будынка. У пачатку кастрычніка “Дабраном” плануе адкрыць новы гандлёвы аб’ект сваёй сеткі. Але якая гэта будзе крама, пакуль дакладна невядома.
Вось такая сітуацыя ў Паставах, горадзе, дзе жыве каля 20 000 чалавек. А ўлады Беларусі ўсё працягваюць пужаць беларусаў, асабліва ў глыбінцы, Еўропай і еўрапейскімі каштоўнасцямі. Але там амаль у кожнай вёсцы ёсць даступныя гандлёвыя кропкі буйных крамаў ці невялікіх, як, напрыклад, “Жабка” ў Польшчы. І там у людзей не ўзнікае пытання, як туды дабрацца і ці ўсё можна там купіць, бо асартымент тавараў у гэтых крамах даволі багаты.
Раман Ясіноўскі