Пра затрыманне ўдзельнікаў «экстрэмісцкай ячэйкі» ў Віцебску паведаміў тэлеграм-канал прэс-сакратаркі МУС Беларусі Вольгі Чамаданавай. Нібыта затрыманыя сем жыхароў абласнога цэнтру ва ўзросце ад 26 да 39 гадоў, якія датычныя да групавога хуліганства і «стварэння экстрэмісцкага фармавання».

Рок-музыку Ігара Банцэра выпусцілі са штрафнога ізалятара, дзе ён правёў апошнія 40 дзён. Гарадзенец расказаў, што за парушэнні яго збіраюцца пераводзіць з «хіміі» ў калонію. Такога рашэння дамагаецца адміністрацыя папраўчай установы адкрытага тыпу №9 Віцебску, дзе адбывае пакаранне палітвязень. Банцэра вінавацяць у парушэнні правілаў адбывання пакарання на «хіміі». Рашэнне будзе прымаць суд Чыгуначнага раёну Віцебску 23 верасня.

21 верасня Віцебскі абласны суд задаволіў пазоў галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму аб ліквідацыі моладзевага грамадскага аб’яднання «Грань». Інтарэсы пазоўніка ў судзе прадстаўляла начальніца аддзелу дзяржаўнай рэгістрацыі камерцыйных і некамерцыйных арганізацый і юрыдычнай экспертызы. Прадстаўнікі аб’яднання «Грань» на судовым паседжанні не прысутнічалі.

21 верасня ў актывістаў і супрацоўнікаў наваполацкіх прадпрыемстваў прайшлі ператрусы і затрыманні, а напярэдадні – суды. У старшыні першаснай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) ААТ «Нафтан» Вольгі Брыцікавай ператрус прайшоў у доме і ў асабістым аўтамабілі. Канфіскаваная аргтэхніка. Самую Брыцікаву затрымалі, але пазней адпусцілі.

Віцебскі рэаніматолаг Уладзімір Юр’евіч Мартаў адным з першых беларускіх медыкаў адкрыта гаварыў пра кавід і звязаныя з ім праблемы. А ў сакавіку 2021 ён расказаў пра аварыю на кіслароднай станцыі віцебскай бальніцы, у выніку чаго памерлі некалькі пацыентаў. Далей усё было чакана: камісіі, Следчы камітэт, заявы Мінздароўя і нават Лукашэнкі — і нуль вінаватых. А з самім Мартавым не працягнулі кантракт. Што з ім сёння, дзе ён знаходзіцца, чым займаецца і пра што думае, Уладзімір Мартаў распавёў «Нашай Ніве».

Медсястра з Віцебска Юлія Кашаверава 11 месяцаў правяла за кратамі. Яе асудзілі за тое, што сарвала маску з міліцыянта і ўдарыла па службовым бусе. Дзяўчына стала адной з палітвязняў, каго выпусцілі па памілаванні. Яна распавяла «Нашай Ніве», што для яе было самым цяжкім у калоніі і як даведалася пра вызваленне.

У віцебскай арт-прасторы VZAP 18 верасня ў фармаце гаражнага распродажу прайшоў першы экакірмаш «Зялёныя рады». Тут цягам дня можна было браць удзел у розных актыўнасцяў і майстар-класах, а таксама – прадаваць непатрэбныя прадметы. Ці, наадварот, набыць за невялікія грошы ўпадабаную рэч. А можна было і абмяняцца.

17 верасня, у дзень так званага «народнага адзінства», суд Першамайскага раёну Віцебску вынес жыхару абласнога цэнтру Сяргею Думаве ці не самы жорсткі за апошнія часы «палітычны» прысуд – 9 гадоў і 15 сутак калоніі ўзмоцненага рэжыму. «Ні за што! Ніякіх доказаў не было пададзена», – заявіла адразу пасля абвяшчэння прысуду маці Сяргея Думавы Алена. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, але маці дазволілі папрысутнічаць на пасяджэннях.

17 верасня распачалася міжнародная кампанія салідарнасці ў падтрымку зняволеных праваабаронцаў «Вясны» - #FreeViasna. Гэтая дата абраная не выпадкова: 17 верасня 2020 году па дарозе дадому з урачыстага ўручэння прэміі імя Яна Карскага была затрыманая прадстаўніца арганізацыі Марфа Рабкова. На працягу году ціск на праваабаронцаў толькі ўзмацняўся: было распачата некалькі крымінальных спраў, праводзіліся шматлікія вобшукі, сябраў «Вясны» затрымлівалі, а некаторых пры гэтым збівалі, выклікалі на допыты нават тых, хто даўно не мае дачынення да дзейнасці арганізацыі.

16 верасня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску прайшло чарговае паседжанне ў крымінальнай справе актывістаў «Краіны для жыцця» Алега Баразны і Аляксандра Мацеюка. Іх абвінавачваюць паводле ч.3 арт. 328 КК («Незаконны абарот наркатычных сродкаў»), а Мацеюка – і паводле ч. 2 арт. 332 КК («Арганізацыя альбо ўтрыманне прытонаў для ўжывання наркотыкаў»). Суд завяршыў вывучэнне матэрыялаў папярэдняга следства, сабраных у 9 тамах крымінальнай справы.