Справу разглядае судовая калегія пад старшынёўствам суддзі Дзяніса Аляксеенкі.
Напачатку паседжання суддзя агучыў рапарт, паводле якога сведка ў справе Павел Пруднікаў пакінуў межы Беларусі і выехаў ва Украіну. Раней Пруднікава спрабавалі апавясціць пра неабходнасць прысутнасці на судовым працэсе.
Былі агучаныя матэрыялы дасудовага следства, сабраныя ў 9 тамах крымінальнай справы. За абвінавачанымі з лістападу 2020 году вялося аператыўнае відэаназіранне, іхныя тэлефоны праслухоўваліся.
Большая частка матэрыялаў тычыцца падзей, якія адбываліся ў гаражы Аляксандра Мацеюка. Падрабязна апісваюцца шматразовыя маніпуляцыі з прыстасаваннямі для прыгатавання і ўжывання сумесі для курэння марыхуаны, размовы падчас ужывання наркатычнага сродку.
Справа Алега Баразны і Аляксандра Мацеюка стала падставай для правядзення вобшукаў у сваякоў і знаёмых Баразны і Мацеюка. Ператрусы прайшлі ў вядомых грамадскіх актывістаў Віцебску. Следчыя не абмінулі ўвагай нават удзельніц рэзананснай адміністрацыйнай справы, якія займаліся скандынаўскай хадой у лесе ля станцыі «Лучоса», затрыманых міліцыянтамі 13 студзеня.
Паводле следства, удзельнікі крымінальнай справы займаліся вырошчваннем, прыгатаваннем і ўжываннем наркатычнага рэчыва. У дасудовых следчых дзеяннях Александр Мацяюк паказаў месцы вырошчвання, сушкі і ўжывання каноплі.
Значная частка матэрыялаў справы тычылася вынікаў генетычнай і дактыласкапічнай экспертызаў знойдзенага ў фігурантаў справы «небяспечнага наркатычнага сродку марыхуаны», насення, сродкаў ужывання і захоўвання.
Судовы працэс над Баразной і Мацеюком пачаўся 7 верасня. Сваю віну паводле арт. 328 Алег Баразна і Аляксандр Мацеюк адмаўляюць.
Наступнае паседжанне пройдзе 27 верасня (пачатак 10.00).
С. Горкі