Пятніца, 17 Верасень 2021

Віцябляніну Сяргею Думаве прысудзілі 9 гадоў і 15 сутак калоніі. Яго затрымлівалі за расклейванне налепак

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Сяргея Думаву выводзяць з судовай залы Сяргея Думаву выводзяць з судовай залы

17 верасня, у дзень так званага «народнага адзінства», суд Першамайскага раёну Віцебску вынес жыхару абласнога цэнтру Сяргею Думаве ці не самы жорсткі за апошнія часы «палітычны» прысуд – 9 гадоў і 15 сутак калоніі ўзмоцненага рэжыму. «Ні за што! Ніякіх доказаў не было пададзена», – заявіла адразу пасля абвяшчэння прысуду маці Сяргея Думавы Алена. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, але маці дазволілі папрысутнічаць на пасяджэннях.

Віцябляніна Сяргея Думаву абвінавачвалі адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч.1 арт.293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады), ч.3 арт. 293 (»Навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках«), арт. 341 (»Апаганьванне будынкаў ці іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі або малюнкамі«).

Па ўсіх абвінавачваннях суддзя Міхаіл Юрчанка прызнаў Думаву вінаватым. Найбольшае пакаранне – 9 гадоў калоніі, прызначыў па артыкуле аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Апроч гэтага, 2 гады – за нібыта навучанне і падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадкаў. І 1 месяц арышту – за «апаганьванне будынкаў».

Па сукупнасці пакаранняў і «шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім» агульны тэрмін зняволення склаў 9 гадоў і 15 сутак калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Сяргей Думава быў затрыманы 22 сакавіка 2021 году, калі расклейваў у горадзе налепкі. Пасля затрымання ён прызнаўся ў тым, што нанёс яшчэ чырвонай фарбай некалькі надпісаў «Жыве Беларусь». У абвінавачванні таксама фігуруюць надпісы «3%», «Чырвоны партызан», «Сыходзь».

23 сакавіка, на наступны дзень пасля затрымання, у ягонай хаце адбыўся ператрус. У гаражы быў знойдзены жалезны трафарэт гербу Пагоня, а таксама петарды, страйкбольныя гранаты, дымавыя шашкі ды іншыя не забароненыя для захоўвання прадметы.

Першае судовае паседжанне адбылося 13 жніўня. На ім Сяргей адмовіўся даваць якія-небудзь паказанні. Як вынікала з пісьмовых паказанняў, сваю віну ў выстаўленых абвінавачаннях ён цалкам адмаўляў. Наступнае пасяджэнне, 16 жніўня, зрабілі ўжо закрытым. Фармальнай прычынай нібыта паслужыў фотаздымак, зроблены на працэсе і размешчаны ў інтэрнэце. Падчас вынясення прысуду суддзя Міхаіл Юрчанка забараніў не толькі фатаграфаваць, але нават весці запіс на дыктафон.

Адвакаты Сяргея Думавы збіраюцца абскарджваць дадзенае рашэнне ў абласным судзе.

Уладзімір Бяляўскі