Судзьдзя Полацкага суду не дапусьціла юрыста Свабоднага прафсаюзу абараняць інтарэсы рабочых у судовым паседжаньні. Дырэктар крамы «Аліса-Плюс» падаў у суд пазоў на трох былых работнікаў для кампэнсацыі нястачы амаль у 22 мільёны рублёў, работнікі з пазовам ня згодныя. Двое з трох былых рабочых крамы зьяўляюцца сябрамі Свабоднага прафсаюзу, але якраз у гэтым і засумнявалася судзьдзя.

Полацкі раённы выканаўчы камітэт 12 лютага забараніў рабочым заводу «Шкловалакно» публічна выказаць сваё меркаваньне наконт новых патрабаваньняў Дэкрэту нумар пяць. Пра гэта пісьмова паведаміў намесьнік старшыні выканкаму Пётар Пяткевіч арганізатарам пікету. Адмова абгрунтоўваецца тым, што заяўнікамі «не былі заключаныя дамовы» зь міліцыяй і гарадзкім шпіталем.

Палітвязьню Андрэю Гайдукову, які адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі №19, дазволілі доўгатэрміновае спатканьне з роднымі. Пра гэта сайту charter97.org паведаміла ягоная маці Вольга Гайдукова.

Скандальна вядомы віцебскі палітык Сяргей Рыжоў, які спрабаваў стаць кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 годзe, але не набраў патрэбнай колькасьці подпісаў выбаршчыкаў, зьмешчаны ў СІЗА паводле абвінавачаньня ў хуліганстве сэксуальнага характару ў дачыненьні да мужчыны бяз пэўнага месца жыхарства, паведамляе by24.org.

Кіраўнік рок-клюбу «Doors» Аляксандар Мухін адстаяў свае правы ў Віцебскім абласным судзе. Яму ўдалося канчаткова давесьці, што летась яго незаконна затрымалі і зьмясьцілі на прымусовае псіхіятрычнае лекаваньне.

Яўген Васьковіч, які адбывае тэрмін пакараньня ў магілёўскай калёніі, мае праблемы са здароўем. “Падтрымаць палітвязьня – гэта наш абавязак”, - гаворыць інцыятарка збору сродкаў, віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяна Севярынец.

Невядомыя разьмясьцілі ў сацыяльных сетках абразьлівыя ды ілжывыя допісы пра прыхільнікаў стварэньня партыі БХД і іншых актывістаў. Інфармацыю пра допісы разаслалі як іхным асабістым знаёмым, так і аднадумцам зь ліку дэмакратычнай апазыцыі ды незалежным журналістам.

Полацкія службы ачысткі вуліц пасыпаюць тратуары для пешаходаў хімікатамі, прызначанымі для апрацоўкі аўтамабільных дарог. Але гэта не ратуе ад галалёду, што прыводзіць да траўмаў грамадзян, часам са сьмяротным зыходам.

Начальнік управы аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму Юры Дзеркач публічна абвінаваціў найбольш актыўных прыхільнікаў будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне Білева ў тым, што яны нібыта падрываюць дзяржаўны лад. Пра іх жа намесьнік старшыні гарвыканкаму Ўладзімер Шлома выказаўся расейскай прымаўкай: «В семье не без урода».

Прызнаўшы фотасесію на фоне гарадскога графіці несанкцыянаваным пікетаваньнем, суд Чыгуначнага раёна Віцебска аштрафаваў шэсьць удзельнікаў. Спробы абскардзіць гэта рашэньне ў абласным судзе посьпеху не мелі. Цяпер пададзеня скаргі на імя старшыні абласнога суда.