Пятніца, 19 Красавік 2024

Жыхара Лужасна асудзілі да 1 года і 1 месяца калоніі за абразу Лукашэнкі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Абразай суд Віцебскага раёна палічыў рэпост у «Одноклассниках» карцінкі з выявай Лукашэнкі і выказваннямі, якія былі расцэнены як «негатыўныя». Паводле прысуду суддзі Міхаіла Зубені, жыхар вёскі Лужасна Сяргей Мельнікаў «публічна, у непрыстойнай форме абразіў прэзідэнта». Суд адбыўся 28 сакавіка, рэпост, за які асудзілі мужчыну, быў зроблены 19 чэрвеня 2023г. Цяпер ён мусіць кампенсаваць  выдаткі  за паслугі абаронцы ў суме 44 рублі, а таксама суд пастанаваў канфіскаваць у Мельнікава мабільны тэлефон і пакінуць пад арыштам сістэмны блок кампутара, забраны падчас ператруса ў жытле асуджанага.

Калі мужчына быў затрыманы і колькі часу правёў за кратамі да суду, у размешчаным у інтэрнэце прысудзе не паведамляецца.  Але з яго вынікае, што публікацыю ў «Одноклассниках» міліцыянты выявілі больш як праз 7 месяцаў паля таго, як Мельнікаў яе зрабіў, - адпаведна, у студзені -лютым гэтага года. Тады ж мужчыну затрымалі, і ён быў асуджаны паводле ч.2 арт.19.11 КаАП за «Распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі»

Паводле гэтага дакумента, асуджаны «сделал репост записи из группы S., разместив на своей личной странице в публичном доступе публикацию с текстом и фотоизображением Президента Республики Беларусь Л., содержащую негативную оценку Президента Республики Беларусь Л., выраженную ненормативной формой речевого выражения, чем публично, в неприличной форме оскорбил Президента Республики Беларусь, предоставив возможность публичного просмотра указанной публикации в режиме он-лайн неограниченному числу пользователей сети Интернет».

Сваю віну Сяргей Мельнікаў прызнаў. Суд вырашыў, што «размещение публикации с текстом и фотоизображением Президента Республики Беларусь Л. М. носило умышленный характер, содержит негативную оценку лица, выраженную в ненормативной форме, является нарушающим принятых в обществе правил общения и приличия, а, следовательно, являющимся оскорбительным, унижающим честь и достоинство Президента Республики Беларусь, подрывая его авторитет как Главы государства».  І прызнаў Мельнікава вінаватым паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

Міхаіл Іваноўскі