Рабочыя лічаць абсурдам, што для выказваньня свайго меркаваньня неабходна аплаціць працу міліцыянтаў і лекараў. «Пакуль яшчэ хуткая дапамога і міліцыя прыяжджаюць па выкліку бясплатна...» – кажуць рабочыя.
Правядзеньне пікету (стаяньне з плякатамі) на знак пратэсту супраць дэкрэту №5 прызначанае на 21 лютага ў шмат якіх гарадох Беларусі. Рашэньне аб правядзеньні масавых пратэстаў прыняў Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. У Полацку заяўка аб дазволе на пікет да мясцовых уладаў падавалася 5 лютага ад імя грамадзян, рабочых «Шкловалакна». Рабочыя ўзялі на сябе забавязаньне самастойна забясьпечваць парадак падчас правядзеньня пікету і лічаць, што няма неабходнасьці ў заключэньні платных дамоваў з гарадзкімі службамі на абслугоўваньне пікету.
Ілюзорнасьць нашых правоў
Законам не прадугледжанае патрабаваньне да арганізатараў пікету аплачваць працу службаў, якія фінансуюцца зь бюджэту краіны. Дарэчы, рабочыя заводу «Шкловалакно» ствараюць прыбытак, частка якога ідзе ў дзяржаўны бюджэт. Як паведаміла намесьніца генэральнага дырэктара «Шкловалакна» па эканоміцы Алена Савіцкая, прыбытак, атрыманы за першыя тры кварталы 2014 году, склаў 34,4 мільярду рублёў.
Намесьнік старшыні райвыканкаму Пётар Піткевіч абгрунтоўвае патрабаваньні аб дамовах «...у адпаведнасьці з рашэньнем Полацкага гарадзкога выканаўчага камітэту ад 15 сакавіка 2013 году №167 "Аб масавых мерапрыемствах"». Інакш кажучы, мясцовы камітэт сваім рашэньнем абмежаваў (пагоршыў) права грамадзян на выказваньне меркаваньняў і правядзеньне мірных сходаў.
Памочнік майстра заводу «Шкловалакно» Мікалай Шарах, намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага: «Мы ня лічым неабходным дадаткова аплачваць працу гарадзкіх службаў, і ў іх паслугах пры правядзеньні пікету мы не маем патрэбы. Абмежаваньне права рабочых у выказваньні свайго меркаваньня на новаўвядзеньні дэкрэту №5 лічым парушэньнем закону, неабгрунтаваным абмежаваньнем правоў рабочых. Такое рашэньне райвыканкаму робіць права працоўных на мірны сход ілюзорным».
Неправамернасьць дэкрэта №5
Пікет прызначаўся для збору подпісаў пад зваротам да прэзыдэнта прыпыніць дзеяньне дэкрэту. Асаблівае абурэньне рабочых заводу выклікала норма дэкрэту №5, якая дазволіць начальнікам ўжываць да працоўных новую меру дысцыплінарнага спагнаньня – пазбаўленьне прэміяльных на тэрмін аж да дванаццаці месяцаў. Улады маюць ілюзію, што гэта падвысіць працоўную дысцыпліну.
Падчас напісаньня дэкрэту яго нормы не абмяркоўваліся ў прадстаўнічых органах улады. Больш таго, не абмяркоўвалася дэкрэт і ў Савеце па пытаньнях удасканаленьня заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сфэры, які адмыслова створаны пры Міністэрстве працы менавіта для такіх абмеркаваньняў.
Гэты савет фармуецца з прадстаўнікоў прафсаюзных аб'яднаньняў, аб'яднаньня наймальнікаў і органаў дзяржаўнага кіраваньня. Паседжаньне вядзе міністар працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марыяна Шчоткіна. З 23 студзеня ў савет ад дэмакратычных прафсаюзаў уваходзяць старшыня Беларускага Незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін, намесьнік старшыні БКДП Сяргей Антусевіч і намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага, работнік заводу ААТ «Полацак-Шкловалакно» Мікалай Шарах.
Аляксандар Марозаў, Полацак
Крыніца: Дыялёг Online газэта