У сьнежні 2014 году, калі яшчэ не было сьнегу, полацкія службы ачысткі рассыпалі па дарогах і ходніках белую сумесь супраць абледзяненьня. Па праспэкце Францішка Скарыны пешаходную дарожку засыпалі белым парашком. Складвалася ўражаньне, што выпаў сьнег. Жыхарам Полацку давялося ўвечары шпацыраваць па хімічных рэагентах, што выклікала абурэньне. Грамадзяне сталі скардзіцца ў службу камунальнай гаспадаркі і райвыканкам. На адну з такіх скаргаў прыйшоў пісьмовы адказ ад намесьніка старшыні райвыканкаму Аляксандра Міхалевіча. З адказу вынікае, што пешаходныя ходнікі пасыпаюцца рэагентамі, прызначанымі для аўтамабільных дарог, і гарадзкія ўлады лічаць гэта нармальным.
Вось што піша спадар Міхалевіч: «Полацкі раённы выканаўчы камітэт, разгледзеўшы Ваш зварот, які паступіў на тэлефон “гарачай лініі”, паведамляе, што ў мэтах своечасовай і якаснай расчысткі ад сьнегу і наледзі вуліц гораду Полацкай спэцыяльнай базай па санітарнай ачыстцы гораду вядзецца работа па падсыпцы процігалалёднымі сродкамі праезнай часткі і ходнікаў. Гэтыя работы праводзяцца ў адпаведнасьці з тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі (ТКП-100-2011 «Парадак арганізацыі і правядзеньня работ па зімовым утрыманьні аўтамабільных дарог» і СТБ 1158-2008 «Матэрыялы процігалалёдныя для зімовага ўтрыманьня аўтамабільных дарог. Агульныя тэхнічныя ўмовы».
Палачанін Алег абураны дзеяньнямі камунальнікаў: «Увечары немагчыма было прайсьціся па праспэкце, усюды быў параскіданы белы парашок, як пры хімічнай атацы. Людзі, што выгульвалі сабачак, вымушаныя былі насіць іх на рукох, каб іх не атруціць. Што яшчэ вельмі абурае - кучы гэтага рэагенту былі высыпаныя пад дрэвы, што можа прывесьці да гібелі дрэваў. Паглядзім, што будзе ўвесну, ці выжывуць яны».
Месьцічы наракаюць на дрэнную прыборку ходнікаў ад сьнегу. Палачанка Алена: «Гэта першая зіма на маёй памяці, калі абсалютна не пасыпаюцца пяском ходнікі… І вельмі дрэнна чысьцяць дарогі…».
Сьнег, што выпаў у студзені, мала дзе прыбіраўся на ходніках і ў дварох. ЖКГ практычна перасталі плаціць дворнікам за прыборку сьнегу. Пешаходы паступова ўтоптваюць сьнег і ўтвараюцца ледзяныя сьцежкі. Калі надыходзіць адліга, ходнікі ператвараюцца ў ледзяны каток. Так стала і 13 студзеня пасьля начнога дажджу пры тэмпературы 1 градус, калі палачане выйшлі з раніцы па страшным галалёдзе. У гэты дзень многім не ўдалося пазьбегнуць падзеньняў і ўдараў.
На самым шматлюдным прыпынку аўтобусаў, каля вакзалу, у той дзень раніцай памёр мужчына. Яго цела доўга ляжала на тратуары, накрытае плёнкай, пакуль міліцыя праводзіла сьледчыя дзеяньні. Хоць улады і кажуць пра сьмерць ад інсульту, але грамадзяне зьвязваюць сьмерць з падзеньнем на галалёдзе. Здагадка пацьвярджаецца тым, што пасьля сьмерці на гэтым месцы камунальныя службы тэрмінова арганізавалі прыборку сьнегу і лёду з ходнікаў.
https://vitebskspring.org/news/roznae/item/674-kamunalniki-polatsku-trutsyats-peshakhodau-reagentami#sigProId45fcf2bed4