16.05.2024 Тэгі: палітвязні, гісторыі вязняў, псіхалагічная дапамога Праз рэпрэсіі, якія ахапілі Беларусь пасля акцый пратэсту ў 2020 годзе, многія з нас сутыкнуліся з псіхалагічнымі праблемамі рознага характару. Асабліва гэта закранула тых, хто праходзіў праз пазбаўленне ці абмежаванне волі. Многія палітвязні падчас зняволення сутыкаюцца з гэтым, а псіхалагічная адаптацыя пасля месцаў няволі — яшчэ адно цяжкае выпрабаванне, з якім яны мусяць спраўляцца.

Былыя палітзняволеныя жанчыны распавялі "Вясне" пра сваё псіхічнае здароўе падчас зняволення, як яны падтрымлівалі сябе за кратамі і як яны аднаўляюцца пасля вызвалення. Сваімі гісторыямі падзяліліся асуджаная на два з паловай гады зняволення фігурантка "справы студэнтаў" Ася Булыбенка, якая выйшла з жаночай калоніі паўтара гады таму, і былая палітзняволеная Аліна (імя зменена ў мэтах бяспекі), вызваленая ў залі суда ў красавіку гэтага года пасля амаль двух месяцаў пад вартай у жодзінскай турме.

bulybenko_b.png
Ася Булыбенка на адзіночным пікеце ў Вільні ў 2023 годзе

"У мяне спрацавала нейкая ахоўная сістэма"

Фігурантка "справы студэнтаў" Ася Булыбенка, якая адбыла ўвесь тэрмін у калоніі ў два з паловай гады зняволення. Яна дзеліцца, што ў СІЗА і калоніі ў 2020-2022 гадах ёй было складана ацаніць свой псіхалагічны стан падчас зняволення.

"Калі арганізм знаходзіўся ў настолькі стрэсавай сітуацыі, у мяне спрацавала нейкая ахоўная сістэма. Але было няпроста. У СІЗА мне здавалася, што нас вось-вось вызваляць і ўвесь час гэтага чакала. Тады я трохі абстрагавалася і спрабавала да ўсяго паставіцца як да прыгоды. У нейкі момант я стала піць заспакойлівыя ў досыць вялікай колькасці, таму адчувала сябе больш-менш нармальна. У СІЗА ў мяне здарылася пару істэрык — калі мне вельмі рэалістычна снілася мама. Я захварэла, у мяне была вельмі моцная тэмпература, мне прыснілася, што я з мамай, але калі я прачнулася, то ўбачыла, што я ў СІЗА — у мяне была вельмі моцная істэрыка.

У калоніі я не прымала ніякія заспакойлівыя. Паўтаруся, што хутчэй гэта была ахоўная рэакцыя. Я проста жыла. Адключыла галаву і рабіла тое, што трэба рабіць. Самы дрэнны мой псіхалагічны стан быў пасля першага працяглага спаткання. Калі б у мяне спыталі пра самы лепшы дзень у калоніі — гэта было б першае доўгае спатканне, а калі б спыталі пра самы горшы момант — я б назвала канец працяглага спаткання. Ты перабудоўвала сябе і жыла на аўтапілоце, а калі сустрэлася з мамай, я адчула сябе чалавекам. Я была ў сваёй вопратцы, я ела, што хацела і ела відэльцам. Было вельмі страшна сыходзіць з гэтага спаткання. Мяне проста разарвала знутры. Я не разумела, чаму я павінна сыходзіць назад... Гэта было вельмі цяжка псіхалагічна".

"Думала, што калі засну, то прачнуся зноў у камеры"

Праз пяць месяцаў пасля вызвалення Асю арыштавалі на 30 сутак, якія яна правяла на Акрэсціна. Былая палітзняволеная распавядае, што менавіта "суткі" сыгралі дрэнную вызначальную ролю ў яе псіхалагічнай адаптацыі на волі.

"Пасля выхаду з калоніі я звярнулася да псіхолага. Але схадзіла адзін раз і вырашыла, што са мной усё ў парадку. Далей я проста жыла жыццё. Праз пару месяцаў у мяне пачаліся праблемы з апетытам і сном (бессоніца, кашмары). Тады я наведала псіхіятра і мне прызначылі антыдэпрэсанты. Я не стала іх піць, таму што не лічыла, што са мной адбываецца нешта дрэннае. Але калі я трапіла на 30 сутак на Акрэсціна — гэта было ўсё... Тут мая псіхіка ўжо не вытрымала...

Пасля другога вызвалення і калі я ўжо апынулася ў Вільні, то мне стала здавацца, што я ў турме. Гэта было страшнае і незразумелае адчуванне. Ніхто мне не мог дапамагчы. Гэта пачуццё было не 24/7, а часамі. Гэта была дэперсаналізацыя [адчуванне страты ўласнага "Я", страта сувязі з рэальнасцю; навакольныя падзеі здаюцца несапраўднымі,чалавек як быццам назірае з боку за сваім жыццём]. Мне пачынала здавацца, што я сплю, што я ў глюку і ўсё яшчэ знаходжуся ў турме. Я магла не спаць дзве ночы. Я проста баялася заснуць, таму што калі я засынала, то мне сніліся кашмары пра турму. Я думала, што калі засну, то прачнуся зноў у камеры. Гэта працягвалася каля месяца. Як я цяпер разумею, гэта быў вельмі небяспечны стан.

Усё скончылася маёй спробай суіцыду, калі я выпіла 70 таблетак антыдэпрэсантаў і трапіла ў рэанімацыю. Потым мне дыягнаставалі посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР), таму што калі за мной прыехалі хуткая і паліцыя ў Вільні, то я думала, што мяне вязуць у Беларусь. Я не проста думала, а не хацела з імі ісці, плакала, крычала, прасіла не везці мяне ў Беларусь, а яны нічога не разумелі. У бальніцы я прабыла каля шасці дзён. Тады я пачала прымаць патрэбныя прэпараты і працаваць з псіхіятрам. На дадзены момант я прымаю тры прэпарата: снатворнае, антыдэпрэсанты і псіхатропныя, якія зніжаюць трывожнасць. Праз год пасля гэтай гісторыі я ўсё роўна не магу заснуць без снатворнага. Першыя паўгода кожную ноч мне сніліся кашмары. У нейкі момант яны перасталі ўспрымацца, як кашмары. Мне ўвесь час сніліся турма, вайна, КДБ — уся гэтая тэматыка ў розных абліччах.

Двухгадовае зняволенні і апошнія 30 сутак праз год нікуды не дзеліся. Наперадзе ў мяне яшчэ доўгая тэрапія. Важна разумець, што пасля заключэння нічога не сканчваецца. Людзям патрэбна дапамога, куратарства, ментарства. Вялікая памылка думаць, што калі чалавек вызваліўся, з ім усё добра, што ён выйшаў і ўсё скончылася. Не. Пасля вызвалення пачынаецца наступны этап, і ва ўсіх ён праходзіць па-рознаму. Вельмі шмат дзяўчынак, якіх я ведаю, пасля жаночай гомельскай калоніі звяртаюцца па псіхалагічную дапамогу і знаходзяцца на прэпаратах".

Псіхалагічная дапамога: Цяжкасці адаптацыі палітвязняў і спосабы ім дапамагчы

З якімі псіхалагічнымі праблемамі сутыкаецца чалавек пасля зняволення і як палегчыць перыяд адаптацыі да “свабоды”.

"У такіх стрэсавых абставінах псіхіка вызваляе тую моц, якую я сама ніколі ў сябе не бачыла"

За ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту Аліна амаль два месяцы правяла ў зняволенні – у ІЧУ на Акрэсціна, жодзінскай турме і СІЗА на Валадарскага – і ў красавіку гэтага года была асуджаная да "хатняй хіміі". Былая палітзняволеная ўзгадвае свой псіхалагічны стан некалькі месяцаў таму:

"Яшчэ да зняволення стан майго псіхічнага здароўя быў не найлепшым, і мне здавалася, што я ўвогуле не вытрымаю ні дня. Але ў момант, калі мяне везлі на Акрэсціна, я сказала сабе, што магу прайсці праз гэта. Канешне, падчас зняволення я шмат плакала, не разумела, што будзе далей, але ў такіх стрэсавых абставінах псіхіка быццам сцісківаецца і вызваляе тую моц, якую я сама ніколі ў сябе не бачыла.

Незвычайна, але ў ізалятары было месца і для жартаў з усмешкамі, і для момантаў абсалютнага адчаю. На Акрэсціна былі думкі аб тым, што я не хачу больш жыць, бо было занадта зімна і невыносна. Але я, не заўважаючы таго, брала сябе ў рукі, вярталася да рэальнасці і думала аб тым, што мяне чакае нехта і нешта. На Жодзіна было жудасна, калі я ўяўляла сабе суд. А што там будзе? А што, калі мяне не адпусцяць дадому.Мяне, канешне, здзівіла, што, нягледзячы на ўмовы, катаванні, строгі рэжым, магчыма захаваць вольнасць. Бо вольнасць – гэта не вакол, а ў душы. Там насамрэч гэта мяшалася і з адчаем, але зараз адчуваецца па-іншаму.

У некаторыя моманты псіхіка прымушае мозг як бы выключацца, і ты назіраеш за ўсім так, быццам гэта ўсё не з табой адбываецца, а ты – пабочная сведка".

"Самыя любімыя лісты і фотаздымачкі я выцягвала з папкі як Emergency Kit"

Аліна кажа, што псіхалагічна падтрымліваць сябе дапамагалі лісты і фотаздымкі, а таксама ўспаміны з вольнага жыцця, якімі дзяліліся з сукамерніцамі:

"Мы заўсёды выкарыстоўвалі выраз: "У тым жыцці", пасля чаго распавядалі нешта пра сваё жыццё — нейкія цёплыя моманты. Там не хапала добрага і смешнага, візуальна прыгожага. Мы ўзгадвалі, як хтосьці кудысьці едзіў і вандраваў. Распавядалі адна адной нейкія гісторыі, нават кнігі і фільмы пераказвалі, каб хоць неяк трымацца. У зняволенні мы імітавалі звычайнае жыццё.

Што тычыцца нейкіх асабістых лайфхакаў, то я пераглядала фотаздымкі. Калі да мяне з лістамі даязджалі гэтыя фотаздымкі, то я была самым шчаслівым чалавекам на свеце. Бо яны былі зроблены ў маіх родных мясцінах. З імі былі звязаныя шмат цёплых успамінаў. Я заўсёды плакала праз гэтыя фотаздымкі, але гэта прымушала мяне трымацца. Я бачыла сваіх сяброў, свайго каханага чалавека, жыццё, якое ў мяне было, і разумела, што не маю ніякага маральнага права не вытрымаць і зламацца. Я ведала, што мяне чакаюць, а наперадзе — толькі лепшае.

Самыя любімыя лісты і фотаздымачкі я складала ў асобную капэрту і выцягвала з папкі з іншымі лістамі як нейкі Emergency Kit, калі мне было зусім дрэнна і трэба было паплакаць, каб супакоіцца.

А, яшчэ мы з дзяўчынамі дамовіліся кожны дзень хадзіць на прагулкі і займацца спортам, бо фізічнае здароўе моцна ўплывае на маральны стан. Калі шчыра, я заўсёды плакала ў дворыку, бо ён быў жахлівы і быццам бы максімальна тыкаў у тое, што я ў турме. Але потым неяк я супакоілася і старалася абстрагавацца, думаць аб сваім і гутарыць з дзяўчынамі".

"Я баялася, як выходзіць з дому, так і заставацца там"

Аліна ўзгадвае, што самы складаны час быў пасля вызвалення ў Беларусі. Пакуль дзяўчына не пакінула краіну, яна не адчувала сябе ў бяспецы.

"Я разумела, што нават, калі мяне цяпер адпусцілі, пераслед не скончыцца. Паранойі не было, калі я сядзела, бо я ўжо там і што яшчэ губляць? Не было сэнсу ўжо паранойіць. Яшчэ ў турме я думала пра тое, што ўсё можа і не скончыцца на вызваленні ў судзе.

Калі я вышла на волю (уяўную волю, бо "хатняя хімія" — гэта ніякая не воля), маю галаву захапілі думкі: "А што будзе, калі яны [сілавікі] прыйдуць яшчэ раз?" Я разумела, што яны вольныя ў тым, каб распачаць супраць мяне новую крымінальную справу. Таму я сядзела дома і баялася. Можа гэта быў ірацыянальны страх, але я баялася як выходзіць з дому, так і заставацца там. Апроч таго, я баялася браць з сабой тэлефон, каб мяне не адсачылі па білінгу. Але было таксама страшна, што калі мяне затрымаюць, і бацькі не будуць ведаць, дзе я і што са мной здарылася.

Пасля вызвалення я навогул далёка нікуды ад дома не адыходзіла: я не была ў цэнтры горада. Калі я ўсё ж выходзіла на некалькі хвілін з дому, то я ўглядалася ў кожную машыну. Я баялася, што ў іх ГУБАЗіК ці замаскіраваныя следчыя. Ад гэтага было вельмі цяжка пазбавіцца, амаль немагчыма. Калі людзі адбываюць "хатнюю хімію" ў такім стане, то ім можа дапамагчы выключна спецыяліст. Калі я з'ехала і апынулася ў бяспецы, я пазбавілася гэтага пачуцця, але калі б засталася ў Беларусі, то ў мяне пачаліся бы сур'ёзныя праблемы са псіхікай".

"Яны імкнуцца зрабіць усё, каб людзі больш не ўсміхаліся", — былая палітзняволеная

Чытаць гісторыю Аліны цалкам.

"Я сваю справу зрабіла, зараз лячыце мяне"

Былая палітзняволеная прызнае, што працэс псіхалагічнага аднаўлення наперадзе і для таго, каб аправіцца ад двух месяцаў няволі і перажытага стрэсу, трэба яшчэ шмат часу:

"Тое, як на мяне паўплывала зняволенне, я пачала адчуваць толькі пасля вызвалення. Спачатку я быццам не ведала, што трэба адчуваць. Ведала толькі, што не хачу ні з кім размаўляць і нікога бачыць, хадзіць кудысьці, нават з ложка ўставаць не хацелася. У той момант мой каханы чалавек не быў побач, а падчас турмы я толькі і трымалася на думке аб тым, што мы абавязкова будзем разам. Зараз мы сапраўды разам, адчуваю сябе значна лепш, але разумею, што не абыйдзецца без псіхолага. Увесь гэты час я гойдалася на эмацыйных арэлях ад "усё тлен" да "лепшы дзень майго жыцця". І нават у бяспецы такое часам здараецца. Псіхіка больш не чуе пагрозы і дазваляе сабе расслабіцца, адпачыць. Быццам развалілася і гаворыць: “Я сваю справу зрабіла, зараз лячыце мяне”. Але і не з такім я змагалася!"

Праваабарончы цэнтр "Вясна" сёлета тэмай Дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі вызначыў права на здароўе і медыцынскую дапамогу ў зняволенні. На працягу тыдня мы будзем дзяліцца матэрыяламі на гэтую тэматыку.

Як далучыцца да Дня палітвязняў — чытайце тут:

"Галоўнае, захаваць здароўе". 21 траўня — Дзень палітвязняў

"Вясна" заклікае 21 траўня выказаць салідарнасць з усімі палітвязнямі.

Крыніца: "Думала, што калі засну, то прачнуся зноў у камеры". Экс-палітзняволеныя — пра свой псіхалагічны стан з абодвух бакоў кратаў