З 8 па 15 снежня рашэннямі судоў Віцебску і Віцебскай вобласці былі залічаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх 4 тэлеграм-рэсурсы, 2 каналы відэахостынгу «Youtube» і адна старонка ў сацсетцы «ВКонтатце» . Пры гэтым суды скарысталіся правам неадкладнага выканання сваіх рашэнняў, паколькі, на думку суддзяў, прамаруджванне ў выкананні рашэнняў можа нанесці значную шкоду дзяржаве або зрабіць немагчымым самое іх выкананне. 

Жыхар Полацку Анатоль Каханчык, асуджаны 21 снежня на 25 сутак арышту за расфарбоўку сваёй хаты ў бел-чырвона-белыя колеры (арт. 24.23 КаАП), трапіў у шпіталь. Пра гэта паведамілі праваабаронцы «Вясны». Паводле іх звестак, Каханчык пасля абвяшчэння прысуду абвясціў сухую галадоўку. Праз некалькі дзён галадоўкі яму стала кепска, ён трапіў у лякарню.

5 кастрычніка 2021 году суд Чыгуначнага раёну Віцебску асудзіў Аляксандра Мацеюка да 9 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі па ч. 3 арт. 328 і арт. 332 КК са штрафам – за незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне і перавозку марыхуаны ў буйным памеры і ўтрыманні прытона, для ўжывання наркатычных сродкаў. Гэтым жа прыгаворам асудзілі і Алега Баразну – да 2 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за незаконныя дзеянні ў адносінах да наркатычных сродкаў без мэты збыту.

22 снежня ў Віцебску праходзіць беларуска-расейскі форум «Новыя медыя ў эпоху лічбавізацыі». Імпрэзу ладзяць Віцебскі абласны выканаўчы камітэт сумесна са Смаленскай абласной арганізацыяй «Расейскі саюз моладзі». Стала вядома, што форум часткова фінансуецца з гранту прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна.

Жыхары Віцебску Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі, якія ўжо больш за год жывуць у пасольстве Швецыі ў Менску, падалі скаргу ў Камітэт супраць катаванняў. Пра гэта распавёў абаронца Кузнечыкаў юрыст Вадзім Драздоў. Камітэт супраць катаванняў абавязаў амбасаду Швецыі зрабіць неабходныя захады для забеспячэння асабістай недатыкальнасці заяўнікаў, пакуль іх скарга не будзе разгледжаная камітэтам.

21 снежня гаспадара БЧБ-хаты ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну Анатоля Каханчыка прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 24.23 КаАП) і асудзілі на 25 сутак адміністрацыйнага арышту. Суд Полацку і Полацкага раёну вырашыў, што Каханчык зладзіў «несанкцыянаванае пікетаванне», пафарбаваўшы свой дом у Алёшчы ў бел-чырвона-белыя колеры. Перафарбоўваць яго мужчына катэгарычна адмовіўся.

20 снежня 2021 году пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец вынес пастанову аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-сайту «Віцебскі Кур'ер news». На думку пракурора, у шэрагу матэрыялаў, размешчаных на сайце, меліся прамыя парушэнні законаў Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» і «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Гэта апошні недзяржаўны электронны рэсурс у Віцебскім рэгіёне, які быў бесперашкодна даступны беларускім чытачам.

21 снежня праваабарончая супольнасць заявіла аб прызнанні шасці палітвязняў. Сярод іх – 24-гадовая жыхарка Віцебску Таццяна Карповіч. Улады інкрымінуюць ёй распальванне сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК). Дзяўчына знаходзіцца ў менскім СІЗА-1 на Валадарцы. Палітвязнямі таксама прызнаныя Рыгор Кастусёў, Сяргей Петрушэнка, Андрэй Гарун, Руслан Кузьміч, Андрэй Аўсіевіч.

8 снежня 2021 году з ініцыятывы ўпраўлення юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Віцебскі абласны суд ліквідаваў дзве некамерцыйныя арганізацыі: «Наваполацк. Чарнобыль-цэнтр» і «Моладзевы культурна-адукацыйны цэнтр «Ростань». Толькі ў другім паўгоддзі 2021 году з ініцыятывы выканаўчых уладаў вобласці былі закрытыя 28 грамадскіх арганізацыяў і некамерцыйных устаноў.

Пра затрыманне гаспадара бел-чырвона-белай хаты Анатоля Каханчыка паведамілі 20 снежня праваабаронцы «Вясны». Паведамляецца, што яго затрымалі, калі ён сам пайшоў у аддзяленне міліцыі па позве. Раней Каханчыку пагражалі крымінальнай справай, калі ён не перафарбуе БЧБ-хату ў нейтральныя колеры.