Напачатку паседжання суддзя Дзяніс Аляксеенка абвесціў, што суд узнаўляе судовае следства ў справе для ўдакладнення пытання ў частцы, якая тычыцца паказанняў Алега Баразны аб месцазнаходжанні ў ягонай кватэры насення каноплі. У адпаведнасці з заўвагай да арт. 328 КК, асоба, якая добраахвотна выдала наркатычнае рэчыва, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці.
У якасці сведкі быў выкліканы начальнік аддзялення наркакантролю Чыгуначнага АУС Віцебску Іваноў, які не пацвердзіў словы Баразны аб добраахвотнай выдачы насення. Заявіў, што была атрымаў інфармацыю, быццам Баразна праз трэціх асобаў хацеў знішчыць сляды захоўвання рэчыва, і яны працавалі на апярэджанне.
Пасля высвятлення дэталяў былі абвешчаныя судовыя спрэчкі. Бакі заявілі, што дадаць да сказанага на папярэднім паседжанні ім няма чаго. А адвакатка Алега Баразны заявіла пра невінаватасць свайго падабароннага і прасіла суд вынесці апраўдальны прыгавор.
Аляксандра Мацеюка суд прызнаў вінаватым у незаконным, з мэтай збыту, набыцці, захоўванні і перавозцы наркатычных рэчываў у буйным памеры і на падставе ч. 3 арт. 328 КК прыгаварыў яго да пазбаўлення волі тэрмінам на 8 гадоў без штрафу. Яго ж суд прызнаў вінаватым у арганізацыі і ўтрыманні прытону для ўжывання наркатычных рэчываў і на падставе ч. 2 арт. 332 КК прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады і 6 месяцаў са штрафам у памеры 100 базавых велічынь (2900 рублёў).
Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання асноўных пакаранняў і далучэння дадатковага пакарання суд прызначыў Мацеюку канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 9 гадоў са штрафам у суме 2900 рублёў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Алега Баразну суд таксама прызнаў вінаватым у незаконным, з мэтай збыту, набыцці, захоўванні і перавозцы наркатычных рэчываў і на падставе ч.1 арт. 328 КК прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады і 3 месяцы з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Тэрмін адбывання пакарання абвінавачаным суд пастанавіў адлічваць са дня набыцця прысудам законнай моцы. У гэтыя тэрміны залічыў Мацеюку і Баразне час знаходжання ў СІЗА – ад 9 лютага да набыцця прысудам законнай моцы з разліку адзін дзень утрымання пад вартай – паўтара дня пазбаўлення волі.
Мера стрымання пакінутая ранейшая – утрыманне пад вартай.
З Мацеюка ў даход дзяржавы суд пастанавіў спагнаць працэсуальныя выдаткі ў памеры 1108 рублёў 54 капейкі, з Баразны – 568 рублёў 98 капеек выдаткаваных на судовыя экспертызы.
Нагадаем, судовы працэс над Баразной і Мацеюком пачаўся 7 верасня. Затрымалі абвінавачаных 9 лютага, а праслухоўванне тэлефонаў, а таксама аўдыё- і відэаназіранне праз усталяваныя ў гаражы Мацеюка прылады вялося ад лістапада 2020 году.
Ян Сведка