Аўторак, 21 Снежань 2021

Віцяблянку Таццяну Карповіч прызналі палітычнай зняволенай

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Таццяна Карповіч. Фота: prisoners.spring96.org Таццяна Карповіч. Фота: prisoners.spring96.org

21 снежня праваабарончая супольнасць заявіла аб прызнанні шасці палітвязняў. Сярод іх – 24-гадовая жыхарка Віцебску Таццяна Карповіч. Улады інкрымінуюць ёй распальванне сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК). Дзяўчына знаходзіцца ў менскім СІЗА-1 на Валадарцы. Палітвязнямі таксама прызнаныя Рыгор Кастусёў, Сяргей Петрушэнка, Андрэй Гарун, Руслан Кузьміч, Андрэй Аўсіевіч.

24-гадовая Таццяна Карповіч была затрыманая ў Менску 17 лістапада 2021 году. Ёй выставілі абвінавачанне паводле арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці»). Нібыта – за перадачу дадзеных супрацоўнікаў МУС, настаўнікаў, суддзяў у тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі». Таццяну Карповіч утрымліваюць у СІЗА-1 на Валадарцы.

Праваабаронцы адзначаюць у заяве, што крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ўжываецца следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна – выключна дзеля абароны інстытутаў улады.

Праваабаронцы лічаць, што вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г.д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў кантэксце арт. 130 КК, – неабгрунтаванае.

Праваабарончая супольнасць патрабуе перагледзець прынятыя ў дачыненні палітвязняў Сяргея Петрушэнкі, Андрэя Гаруна, Таццяны Карповіч, Руслана Кузьміча, Рыгора Кастусёва і Андрэя Аўсіевіча меры і працэсуальныя рашэнні, неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Па стане на 21 снежня ў Беларусі былі прызнаныя палітвязнямі 933 чалавекі.

Адрас для лістоў: Карповіч Таццяне Мікалаеўне, СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

Янка Прас