Гэтак, ліквідаванае судом ГА МКАЦ «Ростань», садзейнічала сацыяльнай абароне моладзі Віцебску, адраджала мову і культуру беларусаў, аказвала падтрымку моладзеваму актывізму. Гэтая арганізацыя ў 2006-м і 2007-м гадах паспяхова рэалізавала ў абласным цэнтры праект «Моладзевы рух у барацьбе супраць СНІДу». У межах гэтага праекту для маладых віцяблян праводзіліся навучальныя трэнінгі «Асновы ведаў па ВІЧ/СНІД», «Наркаспажыванне і ВІЧ/СНІД», «ІППШ, як фактар рызыкі заражэння ВІЧ/СНІД», «Жыццё з ВІЧ», « Стыгма і дыскрымінацыя».
Быў таксама выдадзены зборнік інфармацыйна-практычных матэрыялаў »Прафілактычная праца ў школе па праблеме ВІЧ/СНІД«, календары і плакаты па праблеме ВІЧ/СНІДу.
У іншай закрытай уладамі грамадскай арганізацыі «Наваполацк. Чарнобыль – дапамога» была вельмі вузкая спецыялізацыя. Усе намаганні членаў гэтай арганізацыі былі накіраваныя на аказанне медычнай, юрыдычнай і іншай спецыялізаванай дапамогі і на падтрымку людзей, якія пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Цяпер чарнобыльцы Полаччыны будуць вымушаныя вырашаць свае надзённыя праблемы без дапамогі грамадскага аб'яднання, засталіся сам-насам са сваімі болямі і бедамі.
«Мяне здзіўляе згодніцкая пазіцыя дэпутатаў віцебскіх гарадскога і абласнога Саветаў у сувязі з парушэннем выканкамамі правоў выбарцаў на стварэнне грамадскіх арганізацыяў і ўдзел у іх. На мой погляд, кіраўніцтва саветаў усіх узроўняў павінны ў тэрміновым парадку склікаць пазачарговыя сесіі дэпутатаў. Дэпутаты, у абарону правоў усіх выбарцаў, павінны прыняць рашэнне аб спыненні органамі выканаўчай улады практыкі ліквідацыі грамадскіх арганізацыяў. Бо публічныя абʼяднанні людзей зʼяўляюцца асновай грамадзянскай супольнасці, апірышчам для ўладаў у дэмакратычнай дзяржаве», – даў ацэнку сітуацыі праваабаронца Павел Левінаў.
Міхась Кажух