Аляксандр Мацяюк і Алег Баразна – актывісты ініцыятывы «Краіна для жыцця». Паводле праваабаронцаў, памяшканне, якое належыць Мацеюку, знаходзілася пад аператыўным наглядам у сувязі з грамадскай дзейнасцю абвінавачаных, і аператыўнікі мелі магчымасць весці відэа- і аўдыёзапіс таго, што адбываецца ў памяшканні. У адсутнасць уладальніка памяшкання супрацоўнікі МУС таемна пранікалі ў гэтае памяшканне і рабілі маніпуляцыі з рэчывам, захоўванне якога інкрымінавалі Мацеюку.
Дзяржаўным абвінавачаннем не было пададзена дастатковых доказаў у пацвярджэнне выстаўленых абвінавачанняў, не зняпраўджаныя пярэчанні абароны, а судом – пры ацэнцы доказаў – не ліквідаваныя супярэчнасці паміж імі. Пры гэтым перавага была аддадзеная версіі абвінавачання, поўнай дапушчэнняў, загадак і здагадак.
Аб'ектыўна ўстаноўленыя абставіны не супярэчаць версіі абароны.
Такім чынам, у дачыненні Аляксандра Мацеюка абвінавачанне ў збыце наркотыкаў не даказаная.
У дачыненні абвінавачанага Алега Баразны дзеянні з наркотыкамі, за выключэннем знойдзеных і канфіскаваных у яго 0,0057 г марыхуаны, не даказаныя. А пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, прызначанае пры такіх абставінах, зʼяўляецца празмерна жорсткім.
Прааналізаваўшы ўсе абставіны ў справе віцебскіх актывістаў, праваабаронцы прызналі Аляксандра Мацеюка і Алега Баразну палітвязнямі і патрабуюць перагледзець прысуд, улічваючы права асуджаных на справядлівы судовы разбор.
Міхась Пісараў