У сярэдзіне кастрычніка 2021 году Сакратарыят упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека атрымаў ліст ад Камітэту супраць катаванняў наконт сітуацыі з Кузнечыкамі.
У сваім звароце да міжнароднай праваабарончай арганізацыі Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі паведамляюць, што калі яны будуць выдвараныя з тэрыторыі шведскай амбасады, то будуць затрыманыя беларускай міліцыяй, якая практыкуе жорсткае і бесчалавечнае стаўленне да апанентаў улады.
Камітэт супраць катаванняў скаргу прыняў да разгляду і абавязаў амбасаду Швецыі зрабіць неабходныя захады для забеспячэння асабістай недатыкальнасці заяўнікаў, пакуль іх скарга не будзе разгледжаная Камітэтам.
У скарзе Кузнечыкі прыводзяць факты рэпрэсіяў, якія пачаліся пасля мірнага маршу 6 верасня 2020 году ў Віцебску. Тады ў дачыненні абодвух Кузнечыкаў міліцыя распачала адміністрацыйную справу за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Пасля праверкі па факце нападу на супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненні бацькі і сына следствам 15 верасня было вылучанае абвінавачанне ў межах крымінальнай справы паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў»). Па гэтым артыкуле ім пагражае пакаранне да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Усведамляючы перспектыву стаць зняволенымі, яны 22 верасня 2020 году пералезлі праз агароджу і апынуліся на тэрыторыі амбасады Швецыі ў Менску. Амбасада, з меркаванняў гуманнасці, дала Кузнечыкам часовы прытулак ад пераследу з боку беларускіх карных органаў.
У будынку амбасады ім выдзелілі пакой, у якім ёсць усё неабходнае для нармальнага жыцця. Харчы Кузнечыкам купляюць супрацоўнікі пасольства, ежу яны гатуюць сабе самі. Са сваякамі віцябляне не бачыліся ўжо 15 месяцаў, але маюць магчымасць размаўляць з імі па відэасувязі.
Віталь Кажух