Капліцу XIX стагодзьдзя ў Віцебску зьнясуць, бо няма грошаў на яе рамонт
Будынак былой каталіцкай капліцы (№25/4 па вуліцы Урыцкага ў Віцебску), пабудаванай у 1859 годзе, зьнясуць, бо ВДУ не мае 2 мільярды рублёў на яго рамонт.
Мясцовыя ўлады Віцебску не дазволілі акцыю КХП БНФ, прымеркаваную да гадавіны Кастрычніцкага перавароту
7 лістапада ў Віцебску так і не адбыўся пікет, заяўку на правядзеньне якога ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну падавалі пяцёра сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Намесьніца старшыні раённай адміністрацыі Натальля Ляпёшкіна забараніла акцыю, спаслаўшыся на рашэньне Віцебскага гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».
Ёсіф Навумчык: Актыўнасьць павінна праяўляцца ня ў нейкіх шумавых акцыях, а ў распаўсюдзе беларускага слова
З кастрычніка 1997 году ўзначальвае Ёсіф Адамавіч Навумчык Віцебскую абласную арганізацыю «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ). Зробленага за гэтыя гады не пералічыць, але мы і ня ставілі за мэту прадставіць пэўную рэтраспэктыву, а папрасілі Ёсіфа Адамавіча абмежавацца ў сваім расповедзе бягучым годам.
Ёсіф Адамавіч, калі ласка, распавядзіце нашым чытачам пра той стан, у якім знаходзіцца сёньня Віцебская гарадзкая арганізацыя.
Ведаеце, колькі падпісчыкаў «Нашага Слова» (газэта ТБМ – рэд.) у Віцебску? Падчас папярэдняй падпіскі па Віцебску было 52 падпісчыкі, а вось пасьля апошняй – усяго 21. Колькасьць падпісчыкаў па вобласьці катастрафічна падае.
Гарадзкая арганізацыя ў нас цяпер засталася практычна без кіраўніка. Летась у лютым правялі выдатны сход, тады каля дзесяці чалавек уступілі ў арганізацыю, семдзесят чалавек перарэгістраваліся. Выбралі склад рады, амаль адзінагалосна абралі кіраўніка гарадзкой арганізацыі. Праходзіць тыдзень-паўтара – чалавек адмаўляецца, аддае дакумэнты. Сёлета ўвесну сабралі раду, усклалі выкананьне абавязкаў старшыні на загадчыцу літаратурна-мастацкай часткі тэатру «Лялька» Людмілу Сіманёнак.
Аднак нягледзячы на няпростыя для беларушчыны часы, нешта ж арганізацыяй усё адно робіцца. Што за апошні год удалося зьдзейсьніць?
Найгалоўнейшае, мы правялі вялікую акцыю, якая атрымала вялікі розгалас у вобласьці, большасьць раённых газэт далі тады інфармацыю. Я кажу пра агляд-конкурс мясцовага друку зь беларускім словам. Кожная раённая рэдакцыя атрымала нашы ўмовы конкурсу, быў дасланы і склад журы. Мы за паўгода вычыталі ўсе газэты. Прычым тыя выданьні, якія прэтэндавалі на першае-трэцяе месцы, чытаў практычна ўвесь склад журы.
Першае месца гэтым разам мы прысудзілі чатыром газэтам: «Герою працы» з Шумілінскага раёну, «Браслаўскай звяздзе», «Патрыёту» з Ушацкага раёну і «Міёрскім навінам». Другое месца заняла газэта Докшыцкага раёну «Родныя вытокі». Трэцяе месца дасталася газэце Шаркоўшчынскага раёну «Кліч Радзімы» і газэце Пастаўскага раёну «Пастаўскі край». Апроч таго, мы пэрсанальна ўганаравалі трыццаць журналістаў з усёй вобласьці, падарылі ім творы беларускай літаратуры.
Уручэньне ўзнагарод адбылося ў Бычках падчас Быкаўскага сьвята. Запрасілі ўсіх пераможцаў. З розных абставін прыехаць змаглі ня ўсе. Аднак прадстаўнікі пяці мясцовых рэдакцыяў прыехалі. Астатнім прызы ўручалі на месцах. Я выяжджаў, Юры Бабіч выяжджаў. У Шуміліне ўручылі ўзнагароду і рэдакцыі, і журналістам. Наведалі Шаркоўшчыну, раённая газэта пра гэтую падзею паведаміла потым на першай старонцы. Пасьля наведалі докшыцкую газэту. Выяжджалі і ў Паставы, дзе таксама сабралі ўсіх журналістаў пастаўскай газэты. Тыдні два таму мы зь Юрыем Бабічам там былі. Яны таксама напісалі пра гэта.
Ёсьць шэраг журналістаў, сярод якіх Галіна Шпакоўская, Тамара Пашкевіч, – яны заўсёды пішуць па-беларуску. Уручылі ўсім кнігі, якія мне ўдалося набыць у Менску. Пры канцы красавіка – на пачатку траўня кнігі ўдалося атрымаць ад Саюзу беларускіх пісьменьнікаў: больш за дваццаць трохтомнікаў Васіля Быкава. Была і іншая літаратура, зь якой нам вельмі дапамаглі кампанія «Будзьма беларусамі» і Міжнароднае аб'яднаньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Засталося яшчэ толькі ў Сянно завезьці кніжкі журналістам. Гэта, у першую чаргу, наша ўвага і ўвага грамадзкасьці да тых, хто піша па-беларуску.
Скажыце, калі ласка, некалькі словаў пра Быкаўскае сьвята.
Сьвята праводзілі разам з рухам «За свабоду». Штогод на імпрэзу ў Бычках зьбіраецца дзьвесьце-трыста чалавек. Імкнёмся, каб гэтае сьвята праходзіла з удзелам Ушацкага райвыканкаму, і, трэба сказаць, у нас склаліся добрыя адносіны з ушацкім кіраўніцтвам, з ідэалягічнай службай.
Ушанаваньне памяці нашых знакамітых землякоў зьяўляецца нашым прыярытэтным накірункам. Гэта наша ініцыятыва. Матэрыялы пра гэта друкаваліся ў « Нашым слове». Нямала лістоў наконт гэтага напісана ад імя рады Таварыства беларускай мовы і ў Саўмін, і ў адміністрацыю прэзыдэнта, і ў аблвыканкам, і ў райвыканкамы. А адказы прыходзяць аднатыпныя: маўляў, «будзем разглядаць», але да канкрэтнай працы справа не даходзіць.
Праясьніце, калі ласка, сытуацыю наконт вашых стасункаў з гарадзкім кіраўніцтвам. Якія пытаньні вы зь імі абмяркоўвалі?
За апошнія два гады я колькі разоў наведваў гарадзкіх кіраўнікоў і кіраўнікоў ідэалягічных службаў. На словах нібыта пагаджаюцца, але нічога не зьмяняецца. Як не было ў горадзе беларускамоўнай рэклямы, так яе і зараз няма. І культура тут адстае. Па выніках нашай канфэрэнцыі летась мы напісалі ліст на імя старшыні аблвыканкаму, ён быў апублікаваны на сайце «Народных навінаў Віцебску», і адказ мы таксама апублікавалі. Практычна ні на адно наша пытаньне мы канкрэтнага адказу не атрымалі.
Ставілі мы пытаньні і пра назвы чыгуначных станцыяў, прыпынкаў, і наконт школьнай адукацыі. Ведаеце, у вобласьці няма ніводнай сярэдняй беларускай школы ці гімназіі. А былі ж у нас і ў Віцебску, і ў Полацку беларускамоўныя гімназіі. 70 адсоткаў школьнікаў па вобласьці некалі вучыліся на беларускай мове, а цяпер 13 адсоткаў. Ёсьць толькі Сеньненская школа-інтэрнат. Я тут папрасіў Саюз пісьменнікаў, і яны мне перадалі два пакункі кніг беларускіх і часопісаў «Дзеяслоў». Многія ж нават ня ведаюць, што такі часопіс наогул існуе.
З новым старшынём аблвыканкаму пакуль не сустракаліся, хаця, вядома, трэба б было схадзіць. Трэба выкласьці праблемы, якія існуюць. Былі ў мяне дзьве гутаркі з Падгурскім, намесьнікам старшыні гарвыканкаму, які займаецца пытаньнямі культуры, адукацыі. Чалавек ён сур'ёзны, беларускамоўны. Як быццам бы ёсьць разуменьне. Але што будзе мяняцца – ня ведаю.
У чым Вы асабіста бачыце прычыны гэткай абыякавасьці з боку ўлады да пытаньняў беларускай мовы?
300 гадоў русіфікацыі, як бы там ні было. Дарэчы, некалі я знайшоў гэткае выказваньне Кацярыны Другой 1796 году: «Вялікае княства Літоўскае надалей называць толькі Белай Русьсю, а народ яе – беларусамі, чым навекі прывяжам яе да Расеі. Замірыць Белую Русь сілай немагчыма. Гэтую місію мы ўскладзем на рускага чыноўніка, рускага настаўніка, рускага папа. Менавіта яны аднімуць у беларусаў ня толькі іхную мову, але і саму памяць пра саміх сябе».
Тут яшчэ і безадказныя адносіны кіраўніцтва ўладных структураў і ідэалягічных службаў. Я пытаў іх: ці была ў вас хаця б адна нарада, на якой вы казалі пра неабходнасьці ўвагі да беларускай мовы? Я нідзе не чытаў пра гэта, ніколі ня чуў пра гэта – ані па радыё, ані па тэлебачаньні – за апошнія два-тры гады. Дзяржава абавязаная забясьпечваць рэальную роўнасьць дзьвюх моваў. А якая ж можа быць роўнасьць моваў, калі Палата прадстаўнікоў прымае законы, як правіла, толькі на расейскай мове, хіба акрамя тых, якія тычацца нейкіх пытаньняў культуры. І то я не зусім у гэтым упэўнены.
Год таму ў Віцебску распачалі працу моўныя курсы «Мова нанова». Ці маеце вы з арганізатарамі гэтых курсаў якія-небудзь стасункі?
З «Мовай нанова», вядома, супрацоўнічаем. І я быў у іх на занятках, і Юры Бабіч супрацоўнічае зь імі. Выдатная гэтая справа. Мы ня толькі вітаем, але і дапамагаем, дзе можна. Чым больш будзе гэткіх курсаў, тым лепш. Галоўнае, што там моладзь прысутнічае. Цяпер няма ніводнай вышэйшай навучальнай установы, ніводнага ліцэю, ніводнага каледжу. Людзі ж разумеюць: навошта вывучаць беларускую мову, калі ў далейшым на ёй няма дзе вучыцца.
Падзяліцеся, спадар Ёсіф, з нашымі чытачамі вашымі плянамі на найбліжэйшы час.
У найбліжэйшых плянах – выезд у тыя школы, дзе вядзецца выкладаньне па-беларуску. Вось неўзабаве паедзем у Сеньненскую школу-інтэрнат. Паедзем з нашымі мясцовымі пісьменнікамі.
Распавядзіце, якую частку вашых сяброў складае моладзь, і наколькі яна актыўна сябе паводзіць?
Моладзь складае траціну нашых сяброў. Але сказаць, што яна актыўна сябе праяўляе, я не магу. Актыўнасьць, на маё разуменьне, павінна праяўляцца ў тым, каб падпісаць «Наша Слова» сабе і свайму сябру. Ня будзе газэты, мы страцім магчымасьць абмену думкамі і ідэямі. Перайсьці толькі на інтэрнэт – гэта ня выйсьце, шмат што з гэтым пераходам губляецца. Актыўнасьць павінна праяўляцца ня ў нейкіх шумавых акцыях, а ў распаўсюдзе беларускага слова, беларускай кнігі, беларускіх газэт, часопісаў. Я калі езьдзіў па рэдакцыях, вазіў з сабой «Дзеяслоў», дык далёка ня ўсе нават журналісты пра гэткі часопіс ведаюць.
С. Горкі, Віцебская вясна
Віцебскія журналісты далучыліся да сусьветнай кампаніі «Станем за журналістыку» (фота)
У перадпачатку сусьветнай кампаніі «Станем за журналістыку» на знак салідарнасьці з калегамі па ўсім сьвеце прадстаўнікі незалежных сродкаў масавай інфармацыі Віцебску пасадзілі невялічкую алею, якую ўпрыгожылі папяровымі птушкамі, зробленымі са старых газэтаў.
Палітычны аналітык Андрэй Ягораў распавёў віцебчукам пра стасункі між Беларусьсю і Захадам
31 кастрычніка палітычны аналітык, дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў акрэсьліў перад наведнікамі віцебскага «Эўрапейскага клюбу» стан стасункаў Беларусі і Эўрапейскага Зьвязу на сёньняшні момант, а таксама выказаў сваю думку пра тое, як будзе разьвівацца сытуацыя найбліжэйшым часам.
Праваабаронца Жамчужны знаходзіцца ў карантыне папраўчай калёніі
Пасьля разгляду касацыйнай скаргі і ўступленьня прысуду ў законную сілу віцебскі праваабаронца Міхаіл Жамчужны апынуўся ў карантыне ў папраўчай калёніі №14 у пасёлку Навасады Барысаўскага раёну Менскай вобласьці. Пра гэта ён паведаміў праваабаронцу Леаніду Сьвеціку, зь якім ён мае ліставаньне.
Кіроўца Талачынскай раёнкі прысуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня
Пажыцьцёвае зьняволеньне – такі вырак 30 кастрычніка вынес Віцебскі абласны суд 55-гадоваму Дзьмітрыю Голубеву за забойства старшага дзяржінспэктара Аршанскай міжраённай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету Генадзя Раўкова.
На месцы сталінскіх расстрэлаў пад Віцебскам зьявіліся новыя крыжы
Актывісты ўсталявалі крыж ва ўрочышчы «Цёплы лес» каля пасёлку Лужасна Віцебскага раёну. А таксама аднавілі адзін з крыжоў на ўзьлеску каля вёскі Хайсы – паставілі новы замест скрадзенага невядомымі вандаламі.
У Віцебску пасадзілі дрэвы ў памяць Алеся Чаркашына і Міхася Жызьнеўскага
10 дрэўцаў у гонар «Нябеснай сотні» зьявіліся 27 кастрычніка ў Віцебску ў мікрараёне Білева. Сябры аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, ініцыятары кампаніі «За якасную медыцыну ў Віцебску» разам зь дзецьмі і мясцовымі жыхарамі вакол аднаго з дамоў пасадзілі клёны, рабіну, сасну.
Пасьля рамонтных работ рабочыя скінулі кавалкі асфальту ў рэчышча Куцеенкі
Перад выходнымі 23 кастрычніка ў вёсцы Стаўры Аршанскага раёну ішлі работы па падсыпцы вуліцы Пуцяціна. Пасьля работ засталося некалькі вялікіх кавалкаў асфальту, якія былі скінутыя ў рэчышча Куцеенкі. Прычым у тое самае месца, дзе летам гэтага году мясцовыя жыхары ладзілі суботнік па прыборцы.