Нагадаем, раніцай 11 красавіка гэтага году кіроўца рэдакцыі раённай газэты «Наша Талачыншчына» Дзьмітры Голубеў знаходзіўся ў паляўнічых угодзьдзях каля вёскі Петрашы Талачынскага раёну зь незарэгістраваных стрэльбай 16-га калібру – расчахлёным і сабраным – і патронамі да яго. Пры гэтым дазволу на паляваньне і паляўнічай пуцёўкі ён ня меў.
44-гадовы старшы дзяржінспэктар Генадзь Раўкоў ў гэты час знаходзіўся ў рэйдзе – быў у форменным абмундзіраваньні, са знакамі адрозьненьня і нагрудным знакам. Ён убачыў Голубева, прадставіўся, запатрабаваў спыніцца і прад'явіць дакумэнты.
Парушальнік праігнараваў патрабаваньні інспэктара, паспрабаваў уцячы. Калі Генадзь Раўкоў дагнаў яго, той стрэліў са стрэльбы ва ўпор і ўцёк. Дзяржінспэктар памёр на месцы. Стрэльбу і патроны Голубеў паспрабаваў схаваць – параскідаў іх па дарозе. У яго доме знайшлі 20 патронаў да зброі, дазволу на захоўваньне і нашэньне якога ён ня меў.
Суд па гэтай рэзананснай справе ішоў два месяцы – ад канца жніўня. Спачатку дзяржабвінаваўца прасіў прызначыць абвінавачанаму 25 гадоў калёніі. Пракурор таксама падтрымаў пазоў удавы Раўкова да падсуднага на 300 мільёнаў рублёў за кампэнсацыю маральнай шкоды.
Падчас працэсу аднаго дзяржабвінаваўцу – Ганну Тылец, зьмяніў іншы – Сяргей Селіханаў. Новы пракурор запатрабаваў яшчэ больш суворага пакараньня – пажыцьцёвага зьняволеньня, і таксама падтрымаў пазоў жонкі загінулага.
Пазыцыя адваката Пятра Вянглінскага была наступнай: яго падабаронны невінаваты, а трагедыю на паляваньні ад самага пачатку дасьледавалі аднабакова, у тым ліку з-за ажыятажу ў прэсе. На думку абаронцы, Голубеў вінаваты толькі ў тым, што захоўваў незарэгістраваную зброю.
Абвінавачаны сваёй віны ў забойстве ў ходзе суду не прызнаваў. Не зрабіў ён гэтага і выступаючы з апошнім словам. Мужчына лічыць, што ў гібелі Раўкова вінаваты сам старшы дзяржінспэктар, які ня мусіў вырываць у яго з рук стрэльбу.
«У апошнім слове Дзьмітры Голубеў быў эмацыянальны, казаў каля гадзіны. Папрасіў суд правільна паставіць коску ў выразе "Пакараць сьмерцю нельга памілаваць", патлумачыўшы, што, на ягоную думку, не заслужыў пазбаўленьня волі», – распавёў намесьнік начальніка аддзелу пракуратуры вобласьці Сяргей Селіханаў.
Дзьмітры Голубеў прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынстваў паводле п. 10 ч. 2 арт. 139 (Забойства асобы ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім службовай дзейнасьці або выкананьнем грамадзкага абавязку) і ч. 2. арт. 295 (Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) КК.
«Да абвінавачанага прымененая выключная мера пакараньня ў выглядзе пажыцьцёвага зьняволеньня з адбываньнем у папраўчай калёніі асаблівага рэжыму», – дадаў дзяржабвінаваўца.
Касацыйную скаргу, калі яна будзе, стане разглядаць Вярхоўны суд.
У загінулага Генадзя Раўкова, апроч жонкі, засталіся яшчэ пажылая маці, дзьве дачкі і маленькая ўнучка.
Крыніца: Тут.бай