Полацкі прафсаюзны актывіст Віктар Стукаў выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту
29 сакавіка выйшаў на волю актывіст Свабоднага прафсаюза Беларускага Віктар Стукаў.. Яго затрымалі сілавікі 14 сакавіка ў Полацку з прымяненнем кайданоў.. Дома ў яго правялі ператрус, забралі тэхніку і ўсе прадметы бел-чырвона-белага колеру. І спрабавалі запісаць з ім пакаяльнае відэа. Але ў сілавікоў нічога не атрымалася, бо актывіст спаслаўся на артыкул 27 Канстытуцыі і не стаў нічога гаварыць. Пасля яго завезлі ў Полацкі ІЧУ і на наступны дзень судзілі па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП за лайк у сацыяльнай сетцы "Фэйсбук" матэрыяла з ютуб- канала "Радыё свабода". Хоць прафсаюзны актывіст не прызнаў сваёй віны, але суддзя Уладзімір Бясецкі ўсё адно прысудзіў яму 15 сутак арышту.
Полацкіх музейшчыкаў асудзілі на «суткі»
Адбыліся суды над затрыманымі 29 сакавіка супрацоўнікамі полацкай музейнай сістэмы. Былой дырэктарцы Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамары Джумантаевай, фатографу Кірылу Смалякову і электрыку ўстановы (прозвішча ўдакладняецца) прысудзілі па 15 сутак арышту «за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Іх трымаюць у Полацкім ІЧУ. Асуджаны да такога ж арышту кандыдат філасофскіх навук Ігар Бортнік знаходзіцца ў наваполацкім ЦІПе.
У Бешанковічах маніпулююць грамадскай свядомасцю, спасылаючыся на «меркаванне ветэранаў»
Бешанковіцкая газета «Зара» надрукавала артыкул «Ветераны Бешенковиччины – за единение народов Беларуси и России». Але за гэтым шматзначным загалоўкам прыхавалася падзея зусім не значнага маштабу: у аддзяленні дзённага ўтрымання асобаў сталага ўзросту пры сацыяльным цэнтры абслугоўвання насельніцтва правялі імпрэзу да Дня яднання Беларусі і Расеі - дзяржаўнага свята, якое адзначаецца 2 красавіка. Мяркуючы па фотаздымку ў «раёнцы», у тык званай «дыялогавай пляцоўцы» узялі ўдзел усяго 9 чалавек, і тое – разам з запрошанымі гасцямі.
На Віцебшчыне спрабуюць падагрэць інтарэс да прагляду паслання Лукашэнкі
Усе мясцовыя газеты, ад абласной да раённых, цягам апошніх двух дзен размяшчаюць матэрыялы пад практычна аднолькавымі назовамі: «Чаго жыхары раену (назвы раенаў мяняюцца) чакаюць ад паслання прэзідэнта». Змест гэтых матэрыялаў адрозніваецца хіба тым, што адны пішуць, як распытвалі мінакоў на вуліцы, а другія, не ўскладняючы жыцце сваім карэспандэнтам, адразу накіроўвалі іх да чыноўнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў або прадстаўнікоў праўладных грамадскіх арганізацый. Падобна, сёлета рэдакцыям быў дадзены загад стварыць ілюзію таго, што выступ Аляксандра Лукашэнкі – гэта нейкая доўгачаканая падзея, якая цікавіць усіх насельнікаў Беларусі.