Пятніца, 31 Сакавік 2023

Полацкі прафсаюзны актывіст Віктар Стукаў выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

29 сакавіка выйшаў на волю актывіст  Свабоднага прафсаюза Беларускага Віктар Стукаў.. Яго затрымалі сілавікі 14 сакавіка ў Полацку з прымяненнем кайданоў.. Дома ў яго правялі  ператрус, забралі тэхніку і ўсе прадметы бел-чырвона-белага колеру. І спрабавалі запісаць з ім пакаяльнае відэа. Але ў сілавікоў нічога не атрымалася, бо актывіст спаслаўся на артыкул 27 Канстытуцыі і не стаў нічога гаварыць. Пасля яго завезлі ў Полацкі ІЧУ і на наступны дзень судзілі па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП за лайк у сацыяльнай сетцы "Фэйсбук" матэрыяла з ютуб- канала "Радыё свабода". Хоць  прафсаюзны актывіст не прызнаў сваёй віны, але суддзя Уладзімір Бясецкі ўсё адно прысудзіў яму 15 сутак арышту.

Пасля суда Віктара Стукава адвезлі адбываць пакаранне ў Віцебскі ІЧУ. Там ён сядзеў у васьмімясцовай камеры, у якой часам было 9 чалавек. Стаўленне да Віктара Стукава было як і да ўсіх палітычных.  Яму не давалі не толькі пасцельнай бялізны, але і матрацаў, таму яму даводзілася спаць на падлозе. У выніку Віктар выйшаў ў ІЧУ хворым і цяпер лякуецца дома. 

Прафсаюзны лідар  абскарджваў пастанову Полацкага суда ў Віцебскім абласным судзе, але безвынікова. Суддзя Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова пакінула пастанову Полацкага суда без зменаў, а скаргу Віктара без задавальнення.

Нагадаем, напярэдадні затрымання Віктара Стукава на волю выйшла яго жонка Святлана Стукава, якая таксама была асуджаная па ч.2 артыкула 19.11 і адсядзела 15 сутак, а пасля была звольненая з працы.

Сяргей Азёрны