Субота, 11 Кастрычнік 2025

Вы будзеце смяяцца: у віцебскім парку 1000-годдзя зноў садзілі дрэвы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Штогадовая пасадка дрэваў у гэтым месцы пачала нагадваць нейкае рытуальнае дзеянне: дрэвы садзяць ужо ужо не адно дзесяцігоддзе, а яны ўпарта не хочуць прыжвацца.  Такім чынам азеляненне Парка 1000-годдзя праводзяць з пачатку 2000-х.

Штогод сюды прывозяць усё новыя саджанцы, якія гінуць адзін за адным. Чамусьці ніхто не правеў даследаванне, што не так з тутэйшай глебай,  і не прапанаваў высаджваць тыя гатункі дрэваў, якія маюць шанцы выжыць.

Ніхто не падлічвае і змарнаваныя грошы. Да прыкладу, у 2023 годзе якраз у тым самым месцы, што і сёлета, пасадзілі 200 дрэваў. Летась тут высадзілі  200 туй і алею са срабрыстых клёнаў. як сцвярджаў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, гэта «символический проект, который будет способствовать укреплению единства народа». На селетніх здымках нічога гэтага ўжо не відаць. 

Парк  быў заснаваны ў 1974 годзе, калі ўрачыста адзначалася 1000-годдзе Віцебска. Тады гэта была гарадская ўскраіна, якую з часам планавалі "акультурыць", пабудаваўшы на тэрыторыі парка канцэртную пляцоўку, дэкаратыўны басейн з альтанкамі, спартыўны комплекс і пляцоўку з атракцыёнамі. Але з развалам Савецкага Саюза ранейшыя планы былі забытыя, і вярнуцца да іх вырашылі толькі пасля адкрыцця Лядовага палаца ў 1999 г. З тае пары яго штогод спрабавалі "азеляняць" - высаджваць дрэвы на пазначанай на плане тэрыторыі. Прычым рабілі гэта і добраахвотнікі - падчас экалагічных акцый «Самасад», і тыя, хто займаўся «пасадачнымі працамі» падчас суботнікаў. 

Сёлета у Віцебску адкрылі новю Плошчу герба і сцяга з флагштокам, а за ёй вымалёўваецца голае поле - тое самая, якое ўпарта засаджваюць кустамі і дрэвамі.

Магчымы адказ на пытанне аб прычынах гібелі саджанцаў, сам таго не падазраючы, даў некалькі гадоў таму галоўны архітэктар УП «Інстытут Віцебскграмадзянпраект» Аляксандр Зафатаеў. Расказваючы аб перспектывах чарговай рэканструкцыі парка, ён мімаходзь заўважыў, што «азеляненне атрымліваецца некалькі хаатычным» з-за «разгалінаванасці рознага роду сетак, а па гэтай тэрыторыі праходзіць дзве ніткі цеплатрасы». Але гэтага ніхто так і не ўлічыў.

Марына Жук