Аршанскага актывіста кампаніі «Гавары праўду» Ігара Грышанава 15 сакавіка вызвалілі з ізалятара часовага ўтрыманьня, у якім ён знаходзіўся трое сутак.

Акцыя «недармаедаў», якую мясцовыя лідэры апазыцыі намерваліся правесьці ў Віцебску 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, не адбылася, затое некалькі актывістаў былі часова затрыманыя.

Сярод затрыманых – абласная каардынатарка па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Тацяна Севярынец і двое непаўналетніх. Усіх затрыманых адвезьлі ў РАУС Кастрычніцкага раёну Віцебску, дзе на іх склалі пратаколы за нібыта парушэньне артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Жыхар Лёндану Алан Сьміт знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Віцебску ўжо два месяцы. Хоць мясцовыя праваабаронцы даведаліся пра крымінальную справу, распачатую ў дачыненьні да грамадзяніна Вялікай Брытаніі, зусім нядаўна, у іх ёсьць усе падставы падазраваць, што яго правы ўсяляк парушаюцца.

Выпадак здарыўся ў Полацку. Міліцэйская машына прыпаркавалася каля крамы на стаянцы, прызначанай для кіроўцаў з абмежаванымі магчымасьцямі. Грамадзянін, што праходзіў побач, зрабіў заўвагу кіроўцу і сфатаграфаваў міліцэйскі УАЗ на стаянцы для аўтамабіляў з апазнавальным знакам «інвалід». Пасьля чаго грамадзянін быў затрыманы і дастаўлены ў пастарунак міліцыі.