Некалькі гадоў таму Вольга выйшла замуж за расейца і пераехала да мужа ў Санкт-Пецярбург. Пазьней яна атрымала расейскае грамадзянства, не адмаўляючыся пры гэтым ад беларускага. Пасьля таго як зацяжарыла, жанчына зацікавілася хатнімі родамі і ў 2014-2015 гадох прайшла гадавыя курсы выношваньня здаровага дзіця і хатніх родаў у кваліфікаванай акушэркі. У выніку першае дзіця яна нарадзіла дома ў Санкт-Пецярбургу, дапамагаў ёй пры гэтым толькі муж, тады дзяўчынка нарадзілася зусім здаровай.
Падчас другой цяжарнасьці Вольга вырашыла пажыць у маці, каб тая ў гэты час дапамагала ёй зь першым дзіцем, які быў на грудным гадаваньні. У Беларусі яна ўстала на ўлік у жаночай кансультацыі, папярэдзіўшы, што хацела б нараджаць дома.
17 лютага, у пятніцу, Вольга апошні раз наведала гінэколяга, дзе ёй, паводле словаў маці, сказалі, што перадаюць мэдычную картку ў радзільню і параілі самой туды пайсьці ў панядзелак. Аднак яна ўсё ж меркавала нараджаць дома – у суботу або нядзелю дзеля гэтага ў Віцебск мусіў прыехаць яе муж.
Увечары ў пятніцу Вольга з дачкой і сваёй мамай зьезьдзілі ў лазьню, дзе бабуля з унучкай парыліся. Дадому яны вярнуліся на таксоўцы каля 17:00, і жанчына занялася праньнем, а, калі разьвешвала бялізну, раптам адчула боль.
Пасьля гэтага Вольга пайшла ў спальню, а за ёй у пакой спрабавала трапіць дачка, якая стала грукаць у дзьверы і плакаць. Бабулі давялося панесьці дзіця ў іншы пакой, каб супакоіць. Недзе хвілін празь дзесяць яна пачула крык: «Мама, выклікай "хуткую!"», Прыбегла ў спальню і ўбачыла, што дачка трымае на руцэ нованароджанае дзіця, якое пасінела і ні разу не закрычала.
Маці Вольгі а 19:43 набрала на сотавым тэлефоне 103 і папрасіла тэрмінова даслаць «хуткую», бо нарадзілася мёртвае дзіця. Дачка яе паправіла, што дзіця жывое і яму неабходная мэдычная дапамога, і жанчына, як яна кажа, пераказала гэта дыспэтчару.
Раздрукоўка званкоў з мабільнага тэлефона маці Вольгі
Вольга нараджала ў доме №9 на вуліцы Мясьнікова, гэта прыкладна ў 1,3 кілямэтру ад станцыі хуткай мэдычнай дапамогі ля аўтавакзалу і ў 4,7 кілямэтру ад Віцебскага гарадзкога клінічнага шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі. Калі праз 10 хвілін мэдыкі не зьявіліся, маці парадзіхі яшчэ раз набрала 103 і папрасіла як найхутчэй прыслаць машыну, паўтарыўшы дыспэтчару, што дзіця падае прыкметы жыцьця. Гэтыя тэлефанаваньні пацьвярджаюцца дэталізацыяй размоваў, дадзенай сотавым апэратарам.
Чакаючы «хуткую», Вольга з нованароджанай перайшла ў ванную, каб абмыць сябе і дзіця. Як сьцьвярджае яе маці, яны не рабілі ніякіх рэанімацыйных захадаў, якія, як гаворыцца ў прэс-рэлізе СК, пагоршылі стан дзіцяці, а чакалі мэдыкаў.
«Хуткая» прыехала каля 20:00. Дзьве жанчыны, якія ўвайшлі ў кватэру, тут жа выклікалі рэанімацыйны аўтамабіль, але самі, паводле словаў маці парадзіхі, ніякай першай дапамогі не аказалі. Толькі калі Вольга папрасіла нажніцы, каб перарэзаць пупавіну, мэдыкі зрабілі гэта сваім інструмэнтам.
Рэанімабіль давялося чакаць недзе 20 хвілін. Калі машына пад'ехала, то Вольга сама спусьцілася ўніз з загорнутым у пялюшкі дзіцем на рукох. Як сьцьвярджае яе маці, спасылаючыся на інфармацыю ад адваката, у радзільнае аддзяленьне Віцебскага гарадзкога клінічнага шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі нованароджаную даставілі а 20:28. Там дзяўчынку спрабавалі выратаваць, яе падключылі да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, але а 21:40 канстатавалі сьмерць дзіцяці.
Пасьля гэтага Вольга, адмовіўшыся ад мэдычнай дапамогі, бо дома чакала немаўля, каля 3:00 на таксоўцы вярнулася ў кватэру маці. Пазьней з Санкт-Пецярбургу прыехаў ейны муж.
Дыягназ, пастаўлены Вользе ў маскоўскай клініцы
Крымінальная справа была распачатая 2 сакавіка, у той час сьледчы Аляксандар Валько ня стаў абіраць меру стрыманьня для падазраванай і дазволіў ёй выехаць у Расею для лекаваньня з умовай, што яна будзе зьяўляцца ў Сьледчы камітэт па выкліках – сьцьвярджае маці Вольгі. У Маскве ў жанчыны выявілі паніжэньне гемаглябіну і дыягнаставалі анэмію ў цяжкай ступені. Паводле маці Вольгі, сьледчы тэлефанаваў ёй два разы, яна паведамляла дачцэ, і Вольга два разы прыяжджала на допыты. У красавіку ж яна зноў пераехала ў Віцебск да маці, а ў траўні прыехаў і яе муж.
Да пачатку траўня бацькам не вярталі цела дачкі для пахаваньня. Маці Вольгі лічыць, што магчымай прычынай было тое, што муж яе дачкі зьбіраўся правесьці незалежную паўторную экспэртызу. Як бы там ні было, пасьля візыту да сьледчага 5 траўня, спаслаўшыся на тое, што хоча зьезьдзіць на мора для лекаваньня малакроўя, Вольга нарэшце атрымала дазвол забраць цела дачкі.
Бацькі сталі рыхтавацца да пахаваньня, але на досьвітку 6 траўня, у той дзень, калі была прызначаная крэмацыя, па Вольгу прыйшла міліцыя, і яе арыштавалі. З таго часу жанчына знаходзіцца ў віцебскім сьледчым ізалятары.
За час утрыманьня пад вартай з Вольгай у траўні змог пабачыцца муж, а ў чэрвені далі дазвол на спатканьне маці. Больш сустрэч сьледчы не дазваляў. Адхіленае было і пададзенае ў ліпені хадайніцтва пра зьмену меры стрыманьня, бо сьледчы лічыць, што абвінавачаная, знаходзячыся на волі, можа схавацца ад сьледзтва, а зь СІЗА-2 далі заключэньне, што яна ня мае патрэбы ў экстранай мэдычнай дапамозе і стацыянарным лекаваньні.
Сваякі чакалі, што Вольгу неўзабаве выпусьцяць, і ня хавалі дзіця. Але калі стала зразумела, што пад вартай яе будуць трымаць да суду, жанчына праз адваката дала дазвол пахаваць дзяўчынку безь яе прысутнасьці. Пахаваньне правялі ў ліпені.
Па раней адабраных віцебскімі экспэртамі матэрыялах была праведзеная паўторная экспэртыза ў Менску, якая, паводле словаў маці Вольгі, выявіла, што дзяўчынка памерла ад асьфіксіі.
Увогуле жанчына перакананая, што яе дачка не вінаватая ў сьмерці нованароджанай, а роды, як такія, былі заўчаснымі, а не адмыслова падрыхтаванымі хатнімі. У той самы час яна схільная вінаваціць мэдыкаў, якія, на яе думку, не аказалі своечасова неабходную мэдычную дапамогу дзіцяці.
Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc