Як патлумачылі прадстаўнікі праваахоўных органаў, затрыманьне ўчыненае на загад вышэйшага начальства з мэтай зьмяшчэньня праваабаронцы ў ІЧУ УУС па Віцебскай вобласьці для адбыцьця адміністрацыйнага арышту.
Спадар Левінаў патэлефанаваў калегам і паведаміў, што пры арышце да яго не ўжываліся спэцсродкі ці сілавыя прыёмы. Падчас затрыманьня ён не аказваў супраціву супрацоўнікам міліцыі. Стан пры гэтым у яго пагоршыўся, па ўсіх прыкметах падвысіўся ціск. Апроч таго, на 10 траўня лекары прызначылі Левінаву шпіталізацыю, а на наступны дзень павінна быць праведзеная тэрміновая хірургічная апэрацыя.
У цяперашні час праваабаронца знаходзіцца ў г. п. Багушэўск, дзе на яго складаецца пратакол затрыманьня, і па прыбыцьці міліцыі зь Віцебску ён будзе дастаўлены ў абласны цэнтар для адбыцьця пакараньня.
Як паведаміў Левінаў па тэлефоне, ён просіць міжнародную праваабарончую супольнасьць аказаць ціск на беларускія ўлады, а беларускіх праваабаронцаў - прызнаць яго палітычным вязьнем на тэрмін знаходжаньня ў ІЧУ.
Нагадаем, 17 красавіка судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Іна Грабоўская прызначыла Паўлу Левінаву пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 15 сутак нібыта за ўдзел у не дазволеных ўладамі масавых мерапрыемствах 25 і 26 сакавіка. Суд праходзіў завочна, бо Левінаў у той час знаходзіўся ў шпіталі за межамі Беларусі. Спроба абскардзіць рашэньне райсуду посьпеху не прынесла: надоечы Віцебскі абласны суд пакінуў гэтае рашэньне ў сіле.
Лявон Яфрэменка