Перашкодаў малітве яны не чынілі, але па завяршэньні набажэнства аўто рушыла ўсьлед за тымі, хто прыехаў на імпрэзу на ўласных машынах. Распавядае палачанін Мікола Шарах:
– Я ўбачыў, як мэтрах у пяцідзесяці ад крыжа адну з машынаў спынілі. Я падышоў і запытаўся, што здарылася. Высьветлілася, што ўдзельнікаў малебну пільнаваў са службовага транспарту сам намесьнік кіраўніка мясцовай ДАІ Дзьмітры Куксёнак. Менавіта ён спыніў аўтамабіль з удзельнікамі набажэнства, заявіўшы, што нібыта парушаныя правілы дарожнага руху, бо забаронена таніраваць вокны транспартнага сродку.
Кіроўцу была загадана ехаць у пастарунак. Жанчын, што знаходзіліся ў салёне аўто, таксама затрымалі. Усіх прыстрашылі складаньнем пратаколаў. Калі ж я пацікавіўся завошта, то сказалі, што забяруць і мяне, бо я нібыта перашкаджаю працаваць міліцыянтам, дый наогул ў цёмны час ў мяне пры сабе няма флікеру – давялося даводзіць ім, што маю права знаходзіцца безь яго па-за праезнай часткай.
Паводле Міколы Шараха, праз гадзіну ўсіх затрыманых зь міліцыі адпусьцілі. На кіроўцу склалі пратакол, пазначыўшы ў ім не першапачатковую вэрсію затрыманьня, а тое, што нібыта камплектацыя аптэчкі ў аўто не адпавядае нормам. Астатніх вызвалілі без пратаколаў.
Як распавёў спадар Шарах, усе трое, каго затрымалі, – звычайныя людзі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да палітычных структураў апазыцыі. Яны прыйшлі ўшанаваць памяць забітых рэжымам продкаў. Іх затрыманьне, на думку Міколы Шараха, было зьдзейсьненае з мэтай застрашыць нават тых людзей, што праяўляць якую-кольвек, хай і мізэрную, грамадзянскую актыўнасьць.
Генрых Сухадольскі