8 ліпеня прайшлі ператрусы ў віцебскіх незалежных журналістаў Змітра Казакевіча, Вячаслава Лазарава, Уладзіміра Лунёва. Журналіст-фрылансер Віталь Скрыль быў затрыманы на 72 гадзіны ў якасці падазраванага ў крымінальнай справе.

Увечары 7-га ліпеня прайшоў ператрус у віцебскага актывіста Міколы Качурца. Супрацоўнікі КДБ распытвалі яго пра датычнасць да падрыхтоўкі выбухаў, якія нібыта рыхтаваліся ў Вілейцы: 2-га ліпеня Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што тыя «атрады самаабароны» спрабавалі падарваць вузел сувязі Ваенна-марскога флоту Расеі, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Пра затрыманне 35-гадовага жыхара Наваполацку паведамілі ва ўпраўленні ГУБАЗіК у Віцебскай вобласці. Паводле ведамства, мужчына браў удзел у масавых беспарадках у Наваполацку ў жніўні 2020 году. У дачыненні яго заведзеная крымінальная справа. Паведамляецца, што навапалачанін дае прызнальныя паказанні.

Вядомага віцебскага дысідэнта і распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду асудзілі на 8 сутак адміністрацыйнага арышту. Пра гэта 4 чэрвеня паведамілі ў Чыгуначным РАУС Віцебску людзям, якія шукалі Хамайду пасля затрымання днём раней. 73-гадовы мужчына знаходзіцца зараз у ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ).

1 чэрвеня 73-гадовага віцебскага дысідэнта Барысу Хамайду зноў затрымлівала міліцыя. Яго забралі каля 13-й гадзіны на рагу так званага «сіняга дому» (вул. Леніна, 28) ў Віцебску, дзе ён амаль штодзень распаўсюджвае беларускамоўную літаратуру і прэсу. Фармальнай падставай для затрымання было тое, што Хамайда нібыта ажыццяўляў незаконны гандаль.