Чацвер, 25 Сакавік 2021

У Віцебску затрымалі Барыса Хамайду. Ён выйшаў на пікет з Пагоняй

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Барыс Хамайда Барыс Хамайда

Ранкам 25 сакавіка ў Віцебску каля «сіняга дому» быў затрыманы вядомы апазіцыянер Барыс Хамайда. Ён выйшаў у цэнтр гораду на адзіночны пікет з выявай Пагоні – каб павіншаваць віцяблян з Днём волі. Супрацоўнікі МУС падышлі да пікетоўца літаральна праз некалькі хвілінаў. Барыса Хамайду затрымалі і адвезлі ў Чыгуначны РАУС Віцебску.

Перад затрыманнем Барыс Хамайда расказаў што гэта яго 31-ы «свядомы Дзень волі».

«Гэта ж найвялікшае свята! Проста не магу сядзець у хаце, хоць разумею, што будуць наступствы. Узяў з сабой герб Пагоня, які быў намаляваны 12 гадоў таму вядомым віцебскім мастаком. Гэты герб паказвае маё асабістае стаўленне да гэтага свята», – сказаў Барыс Хамайда перад тым як стаць у пікет.

Ён адзначыў, што ў 1990-я на Дзень волі выходзіла шмат людзей. Пазней былі гады, калі людзей было вельмі мала, але пачынаючы з 2020-га году на плошчы беларускіх гарадоў выходзяць тысячы.

«Слухайце, самае галоўнае – трэба набрацца цярпення. Я ў жыцці аптыміст, і я веру ў тое, што прыйдзе час – і ён можа прыйсці вельмі хутка! – і мы мусім быць падрыхтаваныя і кансалідаваныя, нам не патрэбныя цяпер нейкія там «міжсабойчыкі», – лічыць Хамайда.

Ён раіць набрацца цярпення.

«Ведаеце, у Магілёве ў XVII стагоддзі, па-мойму, быў такі кліч: «Пара! Пара!» Як пачуем гэты кліч – і ўсё, тады ўсёй грамадой і выходзім на вуліцы. І мы пераможам, я ў гэтым упэўнены. Час зараз такі: у свеце пачаўся геапалітычны разварот. І нарэшце палітычны ківач кіўнуўся ў бок волі. Такога не было, а менавіта зараз гэта бачна. Так што трэба набрацца цярпення. Жыве Беларусь!» – сказаў Барыс Хамайда.

Як стала вядома, Барыса Хамайду пратрымалі ў пастарунку каля трох гадзін і вызвалілі, узяўшы тлумачэнні. Барысу Хамайду 73 гады, ён прынцыпова не сплачвае прысуджаныя судамі штрафы і не дае ў судах тлумачэнняў, бо лічыць іх нелігітымнымі.

Зміцер Міраш