Пятніца, 27 Верасень 2019

Першы перадвыбарчы пікет правялі ў Віцебску сябры “Справядлівага сьвету”

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Вадзім Кузьмін на пікеце ў Віцебску Вадзім Кузьмін на пікеце ў Віцебску

26 верасьня ў цэнтры Віцебску пачалі збор подпісаў сябры левай партыі “Справядлівы сьвет” Вадзім Кузьмін і Яўген Інц. Партыйцы ўжо ня ў першы раз спрабуюць прабіцца ў Палату прадстаўнікоў. Раней ім гэта не ўдавалася.

Збор подпісаў за кандыдатаў ад левай партыі “Справядлівы сьвет” праходзіў у Віцебску пад чырвоным сьцягам.

Старшыня Віцебскай гарадзкой арганізацыі “Справядлівага сьвету” Галіна Барэйка патлумачыла, што апроч сябраў арганізацыі зь Віцебску Кузьміна і Інца, стаць дэпутатамі паспрабуюць яшчэ два партыйцы – Вольга Каравашкіна і Генадзь Багаслоў.

Між тым, магчымыя кандыдаты ў дэпутаты выказалі сваё стаўленьне да інтэграцыйных працэсаў паміж Расеяй і Беларусьсю, якія апошнім часам бурна абмяркоўваюцца грамадзтвам.

“Калі саюз, то – на ўзроўні Эўразьвязу. Чаму б і не? Саюзу – так. Але не ўваходжаньне ў склад Расеі. Толькі на раўнапраўных палітычных і эканамічных умовах, без увагі на тое, што Расея такая вялікая, а мы маленькія. Да таго ж, саюзная дзяржава Расеі і Беларусі ў нас ужо ёсьць, але сябраваць трэба з усімі, – кажа Генадзь Інц.

Галіна Барэйка і Генадзь Інц падчас пікетаваньня

Дадаў, што на русафобію ён не хварэе, бо вырас у вёсцы за два кілямэтры ад расейскай мяжы.

Падпалкоўнік запасу Вадзім Кузьмін лічыць, што “пытаньне інтэграцыі вельмі цікавае” і хвалявала людзей даўно.

“Але цяпер мы ня ведаем, што адбываецца! Нейкія таемныя перамовы. Дакладнага разуменьня няма. А ўсё таемнае, канечне, выклікае засьцярогу, палохае. Калі б гэта было для краіны і народу нешта станоўчае – усё было б адкрытым, – мяркуе Вадзім Кузьмін.

  

Маніторынг пікетаваньняў, якія ладзіліся 26 верасьня, рабіў сябра Віцебскай абласной камісіі па выбарах Павал Левінаў. Ён лічыць, што сябра выбаркаму ня мусіць праседжваць нагавіцы ў кабінэце падчас дзяжурстваў і марнаваць бюджэтныя сродкі – трэба ісьці ў народ.

Павал Левінаў на пікеце

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.