Серада, 25 Верасень 2019

Лябедзька і Казлоў падтрымалі Ірыну Яскевіч на пікеце ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

Падтрымаць старшыню віцебскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ірыну Яскевіч, якая мае намер стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, прыехалі зь Менску былы кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька і сёньняшні партыйны лідэр Мікалай Казлоў.

Тлумачачы свой прыезд у Віцебск, Анатоль Лябедзька адзначыў, што ў сёньняшніх умовах ён гатовы падтрымліваць любога дэмакратычнага кандыдата, які выступае за “беларускі дом у эўрапейскім квартале”.

“Пры ўсіх хібах і дыскусійнасьці пытаньня, калі на шалі вагаў пакласьці ўдзел або няўдзел у такіх выбарчых кампаніях, я кажу, што крыху больш аргумэнтаў у тых, хто выкарыстоўвае магчымасьць вольна размаўляць зь людзьмі. Калі вы чалавек-будзільнік, будзіце людзей, –  сказаў Анатоль Лябедзька, які сам лічыць сябе гэткім “чалавекам-будзільнікам”. 

Анатоль Лябедзька і Ірына Яскевіч падчас пікету

Згодны з Лябедзькам і цяперашні кіраўнік партыі Мікалай Казлоў.

“Перадвыбарчыя пікеты – гэта магчымасьць лішні раз паказаць людзям нашыя сьцягі, паказаць нашых актывістаў, паказаць людзям, што яны не адны... Да таго ж, пікеты не даюць уладзе зусім разьняволіцца, бо нашая функцыя ня толькі ў тым, каб сабраць подпісы, але – і супрацьдзейнічаць лігітымізацыі гэтак званага  парлямэнту. Гэта не дазваляе краіне скаціцца да ўзроўню Паўночнай Карэі”, – кажа Мікалай Казлоў.

Кожны пастаўлены подпіс за дэмакратычнага кандыдата Мікалай Казлоў лічыць выказваньнем грамадзянскага намеру жыць у дэмакратычнай краіне, а не пры дыктатуры.

Лідэр АГП падкрэсьліў, што ў кожным рэгіёне Беларусі ёсьць свае набалелыя пытаньні. У адрозьненьні ад сталіцы, рэгіёны знаходзяцца ў больш адчайным становішчы. Гэта і скарачэньне працоўных месцаў і ніжэйшыя, чым у сталіцы, заробкі. У Берасьці людзей хвалюе праблема акумулятарнага заводу, а ў Менску людзі вылучаюцца сваёй большай настойлівасьцью ў сваіх прэтэнзіях да ўлады.

Разам з Лябедзькам і Казловым на пікеце ў Віцебску прысутнічаў таксама старшыня абласной арганізацыі АГП Станіслаў Храпавіцкі з Воршы.

Сёньняшні пікет стаўся восьмым, які правяла Ірына Яскевіч і сябры яе каманды ад пачатку перадвыбарчай кампаніі.

 

С. Горкі, фота аўтара