Нядзеля, 29 Верасень 2019

На пікеце ў Віцебску зноў правакацыя: зламалі дрэўка сьцяга, ледзь не дайшло да бойкі

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Мужчына, які зламаў дрэўка, пасьля прыезду міліцыі Мужчына, які зламаў дрэўка, пасьля прыезду міліцыі

На перадвыбарчым пікеце “Народнай Грамады” у Віцебску, на якім прысутнічаў старшыня партыі Мікола Статкевіч, невядомы мужчына зламаў дрэўка бел-чырвона-белага сьцягу. Аднак на гэтым канфлікт ня скончыўся…

Да мужчыны, які пашкодзіў дрэўка сьцяга, падскочыў яшчэ адзін грамадзянін і ўдарыў яго па твары. Пасьля гэтага нясьпешна сышоў з месца здарэньня.

Удзельнікі пікету, якія сталі сьведкамі інцыдэнту, упэўненыя, што абодва мужчыны  былі правакатарамі. Расказваюць, што яшчэ некалькі грамадзян, вядомых сваімі правакацыйнымі дзеяньнямі на Маршы дармаедаў у 2017 годзе, падахвочвалі нападніка працягнуць бойку.

Адразу пасьля здарэньня пікетоўцы выклікалі міліцыю.

Сьцяг са зламаным дрэўкам на пікеце

Мужчына дае тлумачэньні міліцыянту

Мужчына, які зламаў дрэўка быў перакананы, відаць, у сваёй беспакаранасьці і нікуды не сыходзіў. Свой учынак патлумачыў тым, што ён гарачы прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі, а ўдзельнікі пікету зьневажалі ягоныя пачуцьці. Недзе праз 25 хвілінаў на месца здарэньня для складаньня пратаколу прыбыў прадстаўнік мясцовага РАУС.

 

Статкевіч: Улады баяцца нас чапаць – і выкарыстоўваюць бамжоў

Старшыня БСДП “Народная Грамада” Мікола Статкевіч пабачыў у здарэньні загадзя сплянаваную правакацыю.

“Тое, што зараз адбываецца, ёсьць сьведчаньнем пэўнай дэмаралізацыі ўладаў. Яны  баяцца нас кранаць. Таму кідаюць у бой апошнія рэзэрвы. Зьбіраюць вэтэранаў сілавых структур, якія затым ідуць скандаліць на пікеты. Але мы паважаем іх узрост: слухаем, размаўляем, а некаторых пасьля нават запісваем у сваю каманду на прэзыдэнцкія выбары. У Віцебску выкарысталі нейкіх “бамжоў”. Раней ужо фіксаваліся выпадкі, калі потым гэтым дэклясаваным элемэнтам плацілі за іхнюю працу грошы. “Бамжоў” мы здаём міліцыі”, – сказаў Статкевіч.

 

Мікола Статкевіч на пікеце ў Віцебску

“Яны чакалі, што мы будзем дзейнічаць па іх сцэнары і станем клоўнамі ў іхнім выбарчым цырку. Мы ж ламаем гэты сцэнар і выкарыстоўваем гэтую кампанію, каб прасунуць сваю павестку. Працуем на тое, каб зрабіць беларусаў больш вольнымі і больш сьмелымі, фармуем сваю каманду”, – дадаў лідэр “Народнай Грамады”.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.