Чацвер, 26 Верасень 2019

Фотафакт: пікетоўцы ў Віцебску патрабавалі свабоду Зьмітру Паліенку

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)

“Свабоду палітзьняволеным!”, “Свабоду Зьмітру Паліенку!”, “Патрабуем правасудзьдзя!” – з такімі лёзунгамі 26 верасьня віцябляне пікетавалі ў цэнтры гораду. Перадвыбарчы пікет ладзіла ініцыятыўная група старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Ірыны Яскевіч.

“Тэмы палітычных рэпрэсій і несправядлівых судоў, на жаль, дагэтуль актуальныя ў Беларусі. І мы мусім іх закранаць. Бо людзі павінны ведаць, што менавіта ў Палаце прадстаўнікоў пішуцца законы і ўносяцца нейкія папраўкі, што менавіта “палатка” павінна адстойваць інтарэсы людзей, якія пацярпелі ад неправасудзьдзя. Пакуль што гэтага няма…” – кажа патэнцыйная кандыдатка ў дэпутаты ПП НС Ірына Яскевіч.

Нагадаем, актывіст анархісцкага руху Зьміцер Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка 2019 году як падазраваны ва ўчыненьні асабліва злоснага хуліганства (арт. 339 КК). На дадзены момант Паліенку вінавацяць аж па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за распальваньне варожасьці да супрацоўнікаў міліцыі і за абразу ў відэароліку былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. 25 верасьня меўся пачацца закрыты судовы працэс над Паліенкам, але праз хваробу судзьдзі суд над былым палітвязьнем перанесьлі.

На пікеце ў Віцебску прысутнічала таксама жыхарка Слаўгараду Анжаліка Калатазішвілі. Яе муж грамадзянін Грузіі Кахабер Калатазішвілі быў асуджаны на 2 гады за незаконны абарот наркотыкаў (ч.1 арт.328 КК) і зараз знаходзіцца ў віцебскім ІЧУ ў чаканьні дэпартацыі. Па словах Анжалікі, дэпартаваць у Грузію яго могуць ужо заўтра, 27 верасьня.

Анжаліка Калатазішвілі

Зьміцер Міраш, фота аўтара

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.