Дзявяты па ліку суд адбыўся сёлета над глыбоцкім журналістам-фрылянсэрам Зьмітром Лупачам паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП  — за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.

Віцебскі праваабаронца і сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў зьвярнуўся ў гарвыканкам з прапановай, каб на арганізаваныя ўладамі прэс-канфэрэнцыі пускалі ўсіх ахвотных прадстаўнікоў СМІ, а ня толькі з “правераных выданьняў”.

У Лепелі за сьпевы і распаўсюд хрысьціянскай літаратуры каля мясцовага рынку былі затрыманыя баптысцкія вернікі – сужэнцы Андрэй і Тацяна Фокіны. «Нас затрымалі як злачынцаў і даставілі ў пастарунак», – распавёў Forum 18 Андрэй Фокін.

Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду паведамленьні аб парушэньні дзяржавай правоў на свабоднае выказваньне свайго меркаваньня ў дачыненьні фрылянсэраў Зьмітра Лупача і Тацяны Смоткінай. Пра гэта паведаміў аўтар зваротаў у КПЧ ААН віцебскі праваабаронца Павал Левінаў. Ліст з Камітэту ён атрымаў 10 сьнежня – у Дзень правоў чалавека.

Глыбоцкія міліцыянты 5 сьнежня склалі чарговы пратакол паводле часткі другой артыкулу 22.9 КаАП на фрылянсэра Зьмітра Лупача. Позву журналісту даслаў на Viber капітан міліцыі, старшы інспэктар па дазвольнай рабоце аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Сяргей Цырбан.