Серада, 05 Красавік 2023

«Аршанская газета»: Першакрасавіцкі жарт «стварыў напружанасць у грамадстве»

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Рэдактар парталу orsha.eu. Ігар Казмярчак Рэдактар парталу orsha.eu. Ігар Казмярчак

«Аршанская газета» – СМІ Аршанскага райвыканкаму – на поўным сур’ёзе ўзялася абвяргаць першакрасавіцкі жарт незалежнага гарадскога парталу orsha.eu. Да Дня смеху там выйшла паведамленне, што выхад на пероны станцыі Орша-Цэнтральная плануюць зрабіць платнымі ў мэтах бяспекі – каб пасажырам не заміналі розныя сумнеўныя асобы, здатныя да тэрактаў. І хаця многія адразу здагадаліся, што гэта першакрасавіцкі жарт, для астатніх назаўтра было апублікавана тлумачэнне. Аднак «Аршанская газета» вырашыла правесці на гэтай глебе ўласнае расследаванне.

Карэспандэнта дзяржСМІ накіравалі да начальніка чыгуначнага вакзала Кірыла Машарскага, каб той афіцыйна патлумачыў, што падобных захадаў не планавалася. І яшчэ праз дзень «Аршанка» надрукавала цэлы артыкул пра тое, які ганебны фэйк стварылі аўтары «літоўскага офісу», узняўшы «напружанасць у грамадстве».

Пад «напружанасцю», пэўна, мелася на ўвазе хваля каментароў пад першакрасавіцкім жартам. Людзі пісалі, прыкладам, што іх ніколькі не дзівіць памкненне чыгункі на роўным месцы заробіць грошай на пасажырах. А нехта прыгадаў і нядаўнюю гісторыю пра аршанца Яраслава Казакевіча, які зняў на відэа расейскую вайсковую тэхніку на станцыі Орша-Цэнтральная. Цяпер яго судзяць паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Рэдактар парталу orsha.eu. Ігар Казмярчак быў шчыра здзіўлены нечаканай увазе з боку дзяржаўнай прэсы да простага жарту, якіх шмат бывае ў розных СМІ да 1-га красавіка. «Наступным крокам «Аршанскай газеты» (пасля таго як яны «развянчалі» наш першакрасавіцкі жарт) павінна стаць рубрыка з тлумачэннем анекдотаў»– напісаў ён у Фэйсбуку.

Юрка Жмых