У адпаведным спісе МУС з’явілася згадка пра тое, што 9 сакавіка суд Маладзечанскага раёну прызнаў экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй відэаролік да песні «Чэрці», размешчаны на YouTube.com. Год таму, 24 лютага, суд Маладзечанскага раёну прызнаў экстрэмісцкім артыкул пра гэтую песню, надрукаваны ў мясцовай недзяржаўнай «Рэгіянальнай газеце». Аўтарам словаў і музыкі з’яўляецца Ігар Палынскі – жыхар Полацку, які цяпер вымушана знаходзіцца ў эміграцыі.

Вярхоўны суд 06 сакавіка 2023 прыняў рашэнне ліквідаваць Беларускую грамадскую арганізацыю "Асацыяцыя алерголагаў і клінічных імунолагаў". Ініцыятарам ліквідацыі медычнай арганізацыі выступіла ўпраўленне па пытаннях некамерцыйных арганізацый Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Офіс арганізацыі знаходзіўся ў Віцебску і асноўнымі заснавальнікамі і сябрамі з'яўляліся, ў асноўным, работнікі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Судамі Віцебскай вобласці за 2022 год за здзяйсненне злачынстваў карупцыйнай накіраванасці было асуджана 58 асоб. Гэта на 12,1% менш, чым у 2021 годзе, калі за падобныя злачынныя дзеянні былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці 66 чыноўнікаў. З улікам, што ў рэгіёне ў дзяржаўным кіраванні працуюць больш за 23 тыс. чалавек, то можна сцвярджаць, што на Віцебшчыне карупцыя пераможана.

Як стала вядома, Суд Кастрычніцкага раёна горада Віцебска 17 лютага  асудзіў Кірыла Джэмігу з Паставаў на 11 сутак арышту па адміністрацыйнай справе  па частцы 2 артыкула 19.11 (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуючай такую). Згодна з пастановай суда, было ўстаноўлена, што ён захоўваў інфармацыю ў “Тэлеграме”, якая ўключаная ў так званы спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў з мэтай распаўсюджвання нявызначанаму колу асобаў.

Суддзя Віцебскага абласнога суда Ірына Смалякова 20 лютага 2023 года разгледзела пратэст гарадскога пракурора на пастанову ад 10 лютага ў дачыненні да вайскоўца Аляксандра Цяляка, які нібыта распаўсюджваў у сацыяльных сетках "экстрэмісцкія матэрыялы". Было ўстаноўлена, што, суддзя суда Кастрычніцкага раёна Віцебска Уладзімір Царыкаў няправільна прымяніў нормы дзеючага адміністрацыйнага закона. На гэтай падставе, вышэйстаячым судом было зменена рашэнне арыштаваць Цяляка на 13 сутак, але пастановіў пакараць яго штрафам у памеры 1110 рублёў.