Панядзелак, 03 Красавік 2023

На Віцебшчыне суды працягваюць “генацыдзіць” незалежныя інфармацыйныя рэсурсы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

За тры месяцы 2023 года суды Віцебскай вобласці прызналі 32 інфармацыйных рэсурсаў, якія распаўсюджвалі “экстрэмісцкія матэрыялы”. За гэты час у рэпрэсіях супраць свабоды распаўсюджвання інфармацыі ў сетцы Інтэрнэт прынялі ўдзел суддзі 12-ці раённых судоў рэгіёна. Палова ўсіх рашэнняў, то бок 16-ць, прышлося на суд Кастрычніцкага раёну Віцебска.

Суды Чыгуначнага і Першамайскага раёнаў абласнога цэнтра вынеслі адпаведна тры і адно рашэнне. Агулам, гарадскія суды прызналі “экстрэмісцкімі” 21 інфармацыйных крыніц. Калі казаць пра раённыя суды Віцебскай вобласці, якія прынялі 11 рашэнняў.

Так суд Полацкага, Міёрскага і Пастаўскага раёнаў прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі на 2 рэсурсах. Па аднаму рэсурсу празвналі “небяспечнымі” для дзяржавы і грамадства суды Сенінскага, Аршанскага, Верхнедзвінскага, Шумілінскага, Расонскага і Глыбоцкага раёнаў.

Трэба адзначыць, суддзі закрылі ТГ вядомых беларускіх апазіцыянераў, такіх як Дзмітрый Шчыгельскі, ксёндз Барок, Андрэй Павук і Ганна Федаронак.

Ва ўсіх выпадках суды скарысталіся правам неадкладнага выканання сваіх рашэнняў, паколькі, на думку суддзяў, прамаруджванне ў выкананні рашэння можа прывесці да значнай шкоды для дзяржавы або зрабіць немагчымым самое выкананне.

Ініцыятарамі прыняцця судамі рашэнняў па прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі былі Сёмае упраўленне (па Віцебскай вобласці) ГУБАЗіК Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь або органы пракуратуры. 

Павел Сухі