За хабар будуць судзіць прарэктара віцебскай ветакадэміі Уладзіміра Журбу. Ён быў героем публікацый дзяржСМІ і вядомы тым, што прааперыраваў вожыка. Пра яго затрыманне паведаміў тэлеграм-канала «Віцебск выйшаў на шпацыр».

Глыбоцкі суд у асобе суддзі Андрэя Тарасевіча 13 чэрвеня прысудзіў 15 сутак арышту беспрацоўнаму Андрэю Гутару. Яго судзілі паводле двух артыкулаў - частцы 2 артыкула 19.11 КаАП (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуючай такую дзейнасць) і частцы 1 артыкула 24.23 КаАП (Парушэнне парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства).

Суддзя Гарадоцкага суда Ганна Гурынава 26 траўня прызнала вінаватай у незаконным набыцці, захоўванні і нашэнні выбуховых рэчываў і на падставе ч.2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса прызначыла пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 1,5 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу жыхарку Гарадскога раёна Ганну Міхайлаву.

Суддзя суда Полацкага раёна Яніна Марцулевіч 30 мая аштрафавала на 1110 рублёў выкладчыку Полацкага дзяржуніверсітэта Ганну Нанос за распаўсюд “экстрэмісцкіх” матэрыялаў у сацыяльных сетках. У 2020 годзе "правапарушальніца" была занесена на Дошку гонару ў раздзеле "Гонар універсітэта".

У Віцебскай вобласці ў бягучым годзе па крымінальным артыкуле 427 (Службовая падробка) судамі першай інстанцыі былі асуджаны не менш як 30 чалавек. Больш за палову пакараных гэта работнікі сельскай гаспадаркі, якія падраблялі справаздачныя дакументы, каб схаваць гібель жывёлы. Гэта пацвярджаецца апошнімі статыстычнымі данымі. За студзень-красавік 2023 года здыхата кароў і маладніка у рэгіёне ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года павялічылася на 312 галоў (8,3%).