Чацвер, 20 Ліпень 2023

Супрацоўніку МНС з Глыбоччыны далі 15 сутак за распаўсюд “экстрэмісцкіх матэрыялаў” і звольнілі з працы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як стала вядома, Дзмітрыя Рудака з гарадскога пасёлка Падсвілле, што ў Глыбоцкім раёне, судзілі 13 чэрвеня ў Глыбокім па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць).

 Суддзя суда Глыбоцкага раёна Алена Кот прысудзіла мужчыне 15 сутак за тое, што ён на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” захоўваў публікацыю з  інтэрнэт-рэсурсу з лагатып “N“ пасля таго, як яго ўжо прызналі ўлады Беларусі экстрэмісцкім.

У судзе Дзмітрый Рудак сваю віну прызнаў і сказаў, што калі лайкнуў ён гэтую публікацыю нават не памятае і ніякіх мэтаў пры гэтым не ставіў. І пра тое, што дадзеная інфармацыя была ўключаная ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, яму было невядома.

Выявілі так званае адміністрацыйнае парушэнне віцебскія міліцыянты падчас так званага правядзення прафілактычных мерапрыемстваў па супрацьдзеянні экстрэмізму.

Пасля гэтага інцыдэнту супрацоўнік МНС і бацька непаўнагадовых дзяцей Дзмітрый Рудак быў звольнены з працы, а ў калектывах МНС гарадскога пасёлка Падсвілле і Глыбокага кіраўніцтва пачало праводзіць чысткі і прафілактычныя гутаркі.

Дарэчы, у Глыбокім у МНС таксама працуе поўны цёзка звольненага ў Падсвіллі мужчыны Дзмітрый Рудак. Але ён займае вышэйшую пасаду, ён лейтэнант, старшы інспектар і ўзначальвае сектар нагляду і прафілактыкі. Ён працуе і надалей.

Вядома таксама і пра звальненне ў Глыбокім інспектара нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксея Паляка (на фота справа), пра якога не так даўно раённая газета “Веснік Глыбоччыны” пісала станоўчыя водгукі. Але ў Беларусі зараз так – сёння ты добры прыклад  для астатніх, а заўтра – ты ніхто ўсяго за нейкі адзін лайк у сацыяльных сетках.

Сцяпан Воднік