Серада, 19 Ліпень 2023

За чатыры лагатыпы і матэрыялы ў сацсетках – 925 рублёў штрафу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як стала вядома, суддзя Пастаўскага суда Наталля Жукава пакарала жыхарку Пастаўшчыны В. паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўванне перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапаганду  такой дзейнасці) дваццаццю пяццю базавымі велічынямі штрафу. Гэта складае 925 беларускіх рублёў. Да таго ж яна пастанавіла канфіскаваць сродак здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння - мабільны тэлефон Redmi NOTE-9.

У віну жанчыне ставіліся рэпосты ў сацыяльнай сеткі “Аднакласнікі” матэрыялаў Праваабарончага цэнтра “Вясна”, “Настоящая Беларусь”, “Страна для жизни” і групы “Ябацькі на Х”. Усе згаданыя старонкі і групы з красавіка па чэрвень гэтага года ўключаныя ўладамі ў так званы спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Да таго ж жанчыну абвінавацілі ў распаўсюдзе “экстрэмісцкіх” лагатыпаў “Радыё Свабода”, “TUT.BY”, “Белсат”, “МКБ” (Мая краіна Беларусь) усё ў той жа сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”.

Усе гэтыя парушэнні выявілі міліцыянты падчас так званага маніторынгу сацыяльных сетак Глабальнай сеткі Інтэрнэт 5 чэрвеня. Праз 10 дзён, 15 чэрвеня, жанчыну асудзілі.

Алесь Хрунін