Следам за ёй газета «Дняпроўская праўда» вырашыла папалохаць увесь раён. Выданне не толькі размясціла інфармацыю пра сустрэчу на прадпрыемстве, а яшчэ й працытавала старшыню суду Марыю Цыклінскую, якая лічыць найбольш бяспечным проста не заходзіць у Інтэрнэт, бо «кожны, гартаючы навінавыя стужкі, вольна ці нявольна захоўвае ў сябе ўвесь прагледжаны кантэнт». Больш дасведчаныя ў гэтых пытаннях інтэрнэт-карыстальнікі маглі б аспрэчыць старшыню суду, але сайт «раёнкі» не прадугледжвае магчымасці каментавання.

Суддзя суда Талачынскага раёна Алеся Саян 21 ліпеня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльнай сетцы пакарала штрафам у памеры 1110 рублёў мясцовую жыхарку маці двух дзяцей Насту Іванову.

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 18 ліпеня пастанавіла арыштаваць на 13 сутак работніка ААТ «Нафтан» Сяргея Шалавіна, за тое, што ён у сацыяльнай сетцы распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы. Адміністрацыйная справа бела разгледжана без удзелу «правапарушальніка».

Валанцеры прааналізавалі працу суда Першамайскага раёна Віцебска і высветлілі, што суддзя Наталля Карабліна толькі за адзін дзень 26 чэрвеня асудзіла 5 чалавек па палітычных адміністрацыйных справах. Усіх прызнала вінаватымі і пастанавіла накіраваць пад арышт на тэрміны ад 10 да 15 сутак. Агулам атрымалася 65 сутак зняволення, прычым паводле «гендэрнага падыходу» суддзя накіроўвала за краты мужчын на 15 сутак, а жанчын – на 10.

21 ліпеня Наталля Барысавец прысудзіла штраф памерам 1110 рублёў шматдзетнай маці, пакараўшы яе за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. І літаральна праз два тыдні яе прадстаўлялі на новай пасадзе новаму калектыву – яна стала старшынёй Сенненскага раённага суда. Былую старшыню Інну Досаву ссунулі ў шэраговыя суддзі.