Серада, 26 Лістапад 2025

"Экстрэмісцкім" прызнаны яшчэ адзін відэарэсурс праекта ураджэнца Оршы Аляксандра Івуліна

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

25 лістапада суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкім» TikTok-акаўнт «ЧестнОК-LIVE». Гэта рэсурс аднайменнага праекта, запачаткаванага Аляксандрам Івуліным – спартоўцам, спартовым журналістам, блогерам. 26 лістапада гэты інтэрнет-рэсурс унеслі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Аляксандр Івулін - вядомы спартовы журналіст і футбаліст. Ён гуляў за "Крумкачоў", працаваў у выданні Tribuna.com. 3 чэрвеня 2021 года Аляксандр быў арыштаваны спачатку на 30 сутак па адміністрацыйнай справе, а пазней асуджаны на 2 гады калоніі: Суд Савецкага раёну Мінска прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Апроч таго, абвінавачанне палічыла, што журналіст на сваім ютуб-канале «ЧестнОК» размяшчаў відэазапісы, заахвочвальнага характару, каб стварыць негатыўную ацэнку дзейнай улады.

Пасля выхаду з калоніі Івулін з'ехаў за мяжу і аднавіў працу над уласнымі праектамі. Ягоны праект «Чеснок» у красавіку гэтага года быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». На сайце МУС пералічаны 11 інтэрнэт-рэсурсаў, праз якія нібыта ажыццяўляецца  «экстрэмісцкая дзейнасць». Гэта асабістыя старонкі Аляксандра Івуліна і і ягонага калегі Яраслава Пісарэнкі ў  Instagram, некалькі  Telegram-каналаў,  YouTube-каналаў і старонак у TikTok, дзе згадваецца назва «ЧестнОК». А таксама YouTube-канал «ЧестнОК-LIVE» - той самы праект Аляксандра Івуліна, які ён распачаў пасля выхаду на волю, адбыўшы арышт.

Частка гэтых інтэрнэт-рэсурсаў днём раней была ўключана ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце міністэрства інфармацыі. У прыватнасці, YouTube-канал «ЧестнОК-Live» был прызнаны “экстрэмісцкім”  10 красавіка 2025 года паводле рашэння суда Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці.

Вольга Ткачук