Субота, 14 Люты 2026

Суддзя, якая асудзіла ксяндза з Шуміліна, пайшла на падвышэнне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Паводле указа  Аляксандра Лукашэнкі “Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў” №46 ад 12 лютага адбыліся змены ў кадравым складзе судзейскага корпуса Віцебшчыны. Так, Іну Грабоўскую, якая 5 год адпрацавала старшынёй Шумлініскага райсуда, перавялі на пасаду суддзі ў Віцебскі абласны суд. Самым гучным працэсам на ранейшай пасадзе быў суд над святаром Анджэем Юхневічам, пробашчам  парафіі Маці Божай Фацімскай, затрыманым у траўні 2024 г.

 Спярша ён быў асуджаны  да трох арыштаў запар па палітычна матываваных “адміністратыўках”.  Грабоўская разбірала яго крымінальную справу, распачатую таады, калі ён ужо знаходзіўся ў зняволенні. Яна прызнала Анджэя Юхневіча вінаватым паводле 3-х артыкулаў, якія тычыцца палавых зносін з непаўнагадовымі. Святар цалкам адмаўляў абвінавачванні і спрабаваў даказаць сваю невінаватасць. 30 красавіка 2025г. суддзя прызначыла   яму 13 гадоў зняволення, працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Сутнасць абвінавачванняў дагэтуль застаецца невядомай, адзіная інфармацыя ад вернікаў - пра тое, што у справе святара гаворка ідзе пра падзеі прыкладна 10-гадовай даўніны. Людзі лічаць, што справа збудаваная на сумніўных паказаннях.

На час вынясення прысуду Анджэй Юхневич практычна год адбыў за кратамі ў віцебскім СІЗА-2. Пасля няўдалай спробы абскардзіць прысуд Іны Грабоўскай святара накіравані адбываць прызначаны тэрмін пакарання ў бабруйскую ПК -2. У лістападзе яго вызвалілі па памілаванні пасля візіту ў Беларусь высокага прадстаўніка Папы Рымскага Льва XIV кардынала Клаўдыё Гуджэроцці.

Апроч гэтай справы, вядома пра некалькі адміністратыўных пакаранняў, якія Іна Грабоўская вынесла жыхарам Шуміліншчыны за “распаўсюд экстрэмізму” у сацсетках. У тым ліку Грабоўская судзіла загадчыка хірургічнага аддзялення ЦРБ Ігара Гудкова, прадпрымальніка Аляксея Пярцова - за выявы «кубка», "малінаў" і «сняжынкі», кіроўцу мясцовага прадпрыемства Дзмітрыя Васільева, які "размясціў і дэманстраваў у адкрытым доступе фатаграфіі з выявай сцяга бел-чырвона-белага колеру і выяву вершніка на чырвоным фоне на кані з мячом і шчытом у руках" і быў пакараны за гэта 15-цю суткамі арышту.. 

 Да прызначэння на пасаду старшыні суда ў райцэнтры яна працавала ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебска, дзе таксама карала мясцовых актыістаў “суткамі” і штрафамі. Да прыкладу, у 2020-м годзе яна пакарала 8-ю суткамі арышту музыку і культменеджэра, экс-палітвязня Уладзіміра Булаўскага - за тое, што ён «граў на барабане ў групе грамадзян, якія выкрыквалі лозунгі і трымалі ў руках плакаты…»

Ларыса Горына