Панядзелак, 16 Люты 2026

Яшчэ некалькі кар’ерных узлётаў для суддзяў, якія выносілі выракі па палітычна матываваных справах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Як мы ўжо пісалі, паводле Указа Аляксандра Лукашэнкі  “Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў” №46 ад 12 лютага на падвышэнне пайшла суддзя Іна Грабоўская – яна вынесла прысуд ксяндзу Анджэю Юхневічу і неаднаразова карала суткамі і арыштамі жыхароў Віцебска і Шуміліна. Замест яе на пасаду старшыні Шумілінскага райсуда прызначана Ірына Жарова. Яе перавялі з Наваполацкага гарадскога суда. Там, на пасадзе суддзі, сярод іншых яна пакарала  за ўдзел у пратэстах 2020 г. расонскага прадпрымальніка Дзмітрыя Цюкаева.

Таксама Ірына Жарова вядомая тым, што пастанавіла зрабіць больш жорсткім рэжым утрымання палітвязня, каардынатара "Еўрапейскай Беларусі" Яўгена Афнагеля - перавяла яго на два гады на турэмны рэжым. 

Замест яе на працу ў Наваполацк перавялі былую суддзю Верхнядзвінскага суда Таццяну Кукліну. Гэта яна дала 15 сутак віцебскаму апазіцыянеру Барысу Хамайду за малюнак “Пагоні” на вокладцы пашпарта. 10 сутак паводле яе рашэння адседзеў кіроўца-дальнабойшчык Аляксандр Каваленка -  ў кабіне яго аўто інспектарам мытні быў знойдзены вымпел з гербам "Пагоня". Яна ж пастанавіла арыштаваць на 15 сутак за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльных сетках  мясцовага прадпрымальніка Вячаслава Дамбоўскага і аштрафавала на 25 базавых велічынь маці двух малалетніх дзяцей Таццяну Лапкоўскую -у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» у яе знайшлі матэрыялы тэлеканала  «Белсат».

 Суддзю Ірыну Яскевіч (на фота) падвысілі да старшыні райсуда ў Мёрах. Гэта яна ў 2022 годзе пакарала зняволеннем настаўніцу-пенсіянерку, экс-палітзняволеную Эму Сцепулёнак, прызнаўшы яе вінаватай у абразе Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады. Апроч гэтага, цягам апошніх год яна вынесла дзясяткі рашэнняў пра штрафы і арышты за распаўсюд “экстрэмісцкіх матэрыялаў” і "пікетаванне ў інтэрнэце". У ліку асуджаных - работнік мясакамбіната, прыбіральшчыца, слесар, электраманцёр, некалькі работніц мясцовай бальніцы, кантралёр-касір, былы міліцыянт, ксёндз - пробашч парафіі ў Ідолце  Вячаслаў Адамовіч, настаўнік найвышэйшай катэгорыі, стваральнік некалькіх музеяў, кіраўнік музейнага абʼяднання «Спадчына Міёрскага краю», лаўрэат дзяржаўнай прэміі «За духоўнае адраджэнне», уганараваны ў 2010-м годзе званнем «Чалавек года Віцебшчыны» Вітольд Ермалёнак.

Ларыса Горына