У Алены Філіповіч быў букет белых хрызантэм з адным чырвоным гваздзіком, у Ганны Каваленкі – толькі белыя хрызантэмы. За гэта на іх зладзілі аблаву, распавялі дзяўчаты: «На нас набеглі чалавек 10, з двух бакоў, звязалі нам рукі. Пыталіся ў нас : »Ну што, дабегаліся?» Ніхто з іх не прадставіўся, упіхнулі ў машыну, і ўсё».
«Спачатку нас павезлі ў РАУС для высвятлення асобаў. Сказалі, што высветляць і адпусцяць. Мы не супраціўляліся, добра, паедзем. Але потым трымалі 13 гадзін у боксе пасля высвятлення асобаў і завезлі ў ІЧУ», – расказалі віцяблянкі.
Пад вартай Ганна Каваленка і Алена Філіповіч правялі амаль двое сутак. У панядзелак, 25-га студзеня, суддзя Кастрычніцкага райсуду Уладзімір Царыкаў пачаў судзіць іх праз скайп. Ён пастанавіў дакументы накіраваць на дапрацоўку ў міліцыю, бо пратаколы былі складзены з памылкамі. Дзяўчат выпусцілі, перад тым забраўшы ў іх тэлефоны – маўляў, у заклад, што яны заплацяць прысуджаны штраф.
Працяг суду адбыўся 29-га студзеня, але выніку няма: суддзя другі раз накіраваў матэрыялы на дапрацоўку. Маёмасць дзяўчатам так і не вярнулі.