Чацвер, 28 Студзень 2021

«Ніякіх пакут я не бачыла». На судзе за ўжыванне балончыку выступіла сведка абароны

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Арцём Ісакаў пад вартай Арцём Ісакаў пад вартай

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 28 студзеня адбылося чарговае паседжанне ў крымінальнай справе віцябляніна Арцёма Ісакава, абвінавачанага паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Яму пагражае да 6 гадоў калоніі.

У судовай зале прысутнічаў пацярпелы міліцыянт Мікалай Вайцяхоўскі, якому абвінавачаны ўжо кампенсаваў 500 рублёў шкоды.

На паседжанні 28 студзеня была апытаная сведка Галіна Ф., якая непасрэдна прысутнічала падчас канфлікту і бачыла ўсё, што адбывалася, на свае вочы. Паводле яе словаў, 25 кастрычніка яна выйшла з сяброўкай з кавярні на вуліцы Талстога і пабачыла вялікую групу людзей. Іх гэта зацікавіла, і яны далучыліся да грамады. У групе грамадзян прайшлі да скрыжавання вуліц Смаленскай і Праўды.

Падчас канфлікту жанчына знаходзілася каля пацярпелага міліцыянта Вайцяхоўскага, брала яго за руку, размаўляла з ім, спрабуючы такім чынам супакоіць супрацоўніка МУС у цывільным. Але, як кажа жанчына, мужчына паводзіў сябе вельмі агрэсіўна і быў узбуджаны.

«Склалася такое ўражанне, што ён хоча кагосьці пабіць», – заявіла сведка.

Спадарыня, паводле яе словаў, пасля ўжывання балончыку знаходзілася побач зі пацярпелым каля 3-4 хвілін.

«Ці праводзіў ён якія-небудзь дзеянні або маніпуляцыі рукамі з тварам, якія паказвалі б, што мужчына адчувае дыскамфорт?» – спытала адвакатка. «Маску ён не здымаў, твар не цёр. Я з ім размаўляла, і ён нічога не рабіў», – адказала сведка. Суддзя Сяргей Будрэвіч удакладніў: «Якія наступствы павінны былі наступіць з-за газу? Пра які дыскамфорт ідзе гаворка?» «Я так разумею, што калі чалавек пацярпелы, то ён павінен ад чагосьці пацярпець. Я, калі з ім размаўляла, ніякіх пакутаў не бачыла», – адказала сведка.

На яе думку, ніякіх пашкоджанняў ад газу пацярпелы не атрымаў.

Мікалай Вайцяхоўскі не пагадзіўся з паказаннямі сведкі. Сказаў, што ў яго пачаліся слязіцца вочы, але не адразу, а толькі праз некалькі хвілін, калі ўжо пачаў міргаць. Запэўніў, што паводзіў сябе на акцыі вельмі спакойна і ўраўнаважана. А потым увогуле заявіў, што не памятае, ці насамрэч размаўляў ён са сведкай на акцыі.

Тады адвакатка падала хадайніцтва паглядзець відэазапіс, на якім бачна, што супрацоўнік міліцыі размаўляе са сведкай. Суддзя хадайніцтва адхіліў.

Наступнае пасяджэнне, на якім пройдуць спрэчкі бакоў, адбудзецца 3 лютага (пачатак у 10.30).

Уладзімір Бяляўскі