Чацвер, 28 Студзень 2021

Суддзя Зубеня на слых вызначыў, што жанчына ўдзельнічала ў пікеце: штраф 1160 рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Юлія Ўласенка каля суду Віцебскага раёну Юлія Ўласенка каля суду Віцебскага раёну

28 студзеня ў судзе Віцебскага раёну прайшло слуханне адміністрацыйнай справы паводле ч.3 арт. 23.34 у дачыненні жыхаркі віцебскага раёну Юліі Ўласенкі. На прадэманстраваным відэафайле суддзя Міхаіл Зубеня апазнаў толькі голас жанчыны, але палічыў яе віну ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні даказанай. Аштрафаваў спадарыню Ўласенку на 40 базавых велічынь (1160 рублёў).

Паводле пратаколу, 8 студзеня Юлія Ўласенка «з шэрагам нявысветленых асобаў (усе ў масках) узяла ўдзел у не дазволеным уладамі пікетаванні на тэрыторыі, прылеглай да кавярні «Сава» ў вёсцы Лучынаўка Віцебскага раёну». Удзельнікі масавага мерапрыемства выгуквалі лозунгі «Жыве Беларусь!», «Свабоду!», «Верым, можам, пераможам!» ды іншыя, сцвярджалася ў пратаколе.

Вінаватай сябе Юлія Ўласенка не прызнала. Пераконвала, што ўвесь дзень была ўдома. Заявіла хадайніцтва апытаць сведкаў – сяброўку Святлану Зайцаву, сваю маці Алену Янушкоўскую і супрацоўніка РАУС, які складаў пратакол. Але Янушкоўскую, затрыманую напярэдадні, і міліцыянта суддзя выклікаць адмовіўся.

Юлія патлумачыла, што 8 студзеня разам з мужам і дзецьмі, а таксама з маці, сяброўкай Зайцавай і яе дачкой знаходзілася ўдома. Малыя дзеці гулялі з яе тэлефонам і тэлефонам мужа. Юлія, каб пераключыць малых на іншыя справы, забрала тэлефоны і паклала ў сумку Алены Янушкоўскай. У 14.10 тая па сваіх справах з'ехала на маршрутцы. Бліжэй да вечара спахапіліся і зразумелі, што тэлефоны зʼехалі разам з Аленай. Каля 20.00 пачалі тэлефанаваць, дамовіліся, што забяруць тэлефоны, калі муж Юліі павязе ў Суйкава Святлану Зайцаву (Янушкоўская жыве ў гэтай жа вёсцы).

На прадэманстраваных Юліі скрыншоце з відэафайлу і на відэа з ютубу яна сябе не апазнала. Заявіла, што не мае падобнай вопраткі, а шапку не носіць ужо гадоў 15.

У судовым паседжанні быў апытаны старшыня Воранаўскага сельсавету Юрый Осіпаў. Менавіта ён стаў ініцыятарам разбору з нагоды апублікаванага Аленай Янушкоўскай на канале «Сапраўдная Беларусь» відэа. 10 студзеня ў інтэрнэце старшыня сельсавету наткнуўся на відэа, на якім невядомыя асобы ля кафэ «Сава» «праводзілі несанкцыянаваны пікет». Осіпаў звярнуўся да ўчастковага міліцыянта, які і давёў справу да суду.

Сведка Святлана Зайцава пацвердзіла, што цэлы дзень знаходзілася з Юліяй Ўласенкай у яе доме ў Плешчаніцах. Увечары муж Юліі завёз Зайцаву ў Суйкава і забраў тэлефоны, пакінутыя ў сумцы Янушкоўскай.

Вывучыўшы матэрыялы справы і апытаўшы сведкаў, суддзя Міхаіл Зубеня заявіў, што, не зважаючы на сцвярджэнне Ўласенкі і сведчанне Зайцавай, у суду няма падставаў не верыць сваім вачам і вушам. Зазначыў, што на відэа выразна чутны голас Уласенкі – і ніякай экспертызы праводзіць не трэба. Так бы мовіць, «крыніца гуку» добра бачная.

Суд палічыў цалкам даказаным удзел Юліі Ўласенкі ў пікетаванні. З улікам звестак пра асобу і наяўнасці двух няпоўнагадовых дзяцей суддзя Зубеня прызначыў Юліі пакаранне ў выглядзе штрафу памерам 40 базавых велічынь (1160 рублёў).

С. Горкі