Серада, 05 Люты 2020

Абласны суд не задаволіў скаргі актывістак, якія выступілі за незалежнасьць краіны

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

У Віцебскім абласным судзе 5 студзеня разгледзелі скаргі на рашэньні судоў першай інстанцыі адразу трох актывістак – Тацяны Севярынец, Натальлі Трошчанка і Натальлі Стрэльчанка. Усе яны былі аштрафаваныя за ўдзел у мірных акцыях у падтрымку незалежнасьці Беларусі. Ніводная скарга не была задаволеная.

Тацяна Севярынец была аштрафаваная 9 студзеня судом Першамайскага раёну Віцебску на 30 базавых велічынь за ўдзел у менскай акцыі 20 сьнежня. Скаргу Севярынец у абласным судзе разглядала судзьдзя Ірына Смалякова. Актывістка патлумачыла судзьдзі, што «дзякуючы гэтым пратэстам не былі падпісаныя так званыя «дарожныя мапы», празь якія Беларусь магла страціць незалежнасьць».

«Я не лічу сябе вінаватай. Вінаваты ў гэтым кіраўнік краіны, які справакаваў такую сытуацыю. І судзіць трэба прэзыдэнта, які давёў краіну да калапса», – заявіла на судзе Тацяна Севярынец.

Але, выслухаўшы яе довады, судзьдзя Смалякова пастанавіла пакінуць скаргу без задавальненьня, а рашэньне Першамайскага суду бязь зьмены.

Між тым, другую скаргу Севярынец, на рашэньне таго ж суду Першамайскага раёну, які аштрафаваў яе на 30 базавых і за акцыю 21 сьнежня, разглядала ўжо судзьдзя Сьвятлана Іванова. І таксама яе не задаволіла.Засталася не задаволеная і скарга віцяблянкі Натальлі Трошчанка, якую суд Чыгуначнага раёну пакараў штрафам у памеры 24 базавых велічынь за ўдзел у віцебскім пікеце 29 сьнежня. 

Пасьля перапынку да працы зноў падключылася судзьдзя Смалякова. Яна разгледзела скаргу дубровенскай актывісткі Натальлі Стрэльчанка. 20 сьнежня Натальля брала ўдзел у мінскай акцыі, а 10 студзеня судзьдзя дубровенскага райсуду Марына Цыклінская аштрафавала яе на 25 базавых велічынь. Скарга таксама не задаволеная.

У сваіх скаргах актывісткі спасылаліся на Канстытуцыю, якая гарантуе права на выказваньне свайго меркаваньня і на ўдзел у мірных акцыях, цытавалі таксама міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.